11.

Я вырашыў пакуль не расказваць пра Буню ні Козьліку, ні Каштанцы. У мяне зьявілася вар’яцкая ідэя падрыхтаваць ім сюрпрыз. Я ўяўляў, які прыўкрасны шок выкліча навіна, што нас цяпер чацьвёра — нібы я прынёс ім пазашлюбнага сына. Прычым невядома ад каго — і ўсім адразу. Таму я ўпотай перапісваўся з Буням, некалькі разоў сустрэўся зь ім у “Шчодрым” (цяпер нам не было чаго хавацца) — я курыў, піў кілішак за кілішкам і вучыў яго бальбуце. Буня пазіраў на мяне з усё большай павагай, а я радаваўся ягонай кемлі­васьці — і снаваў свае каралеўскія пляны. Быць настаўнікам Буні аказалася прыемна — вось хто насамрэч умеў выказаць сваю ўдзячнасьць і сваё абагаўленьне маёй сьціплай пэрсоны. Ён слухаўся мяне безь пярэчаньняў — а я ўсё часьцей прыкмячаў, што бальбута ідзе яму на карысьць. Ніколі нельга быць пэўным, што можа зьмяніць безна­дзейнага, здавалася б, экзэмпляра, тупаватага юнака без асаблівых талентаў. Прыдумай і дай яму добры канланг — і ты зробіш зь яго чалавека.

Мне патрэбная была толькі добрая нагода, каб увесьці яго ў таварыства.

І такая нагода натрапілася досыць хутка. Занадта хутка. Значна хутчэй, чым я думаў. І зусім ня там, дзе я яе чакаў.

Неяк у нічым не прыкметны дзень (зіма ўжо дагнівала) мне напісала Каштанка. Вядома, мы перапісваліся рэгулярна, бальбута няспынна падтрымлівала гэтае жаданьне ня страчваць сувязь, яна была, як наркотык, безь яе мы ўсе адчувалі ломку — ды і навык маўленьня страціць без камунікацыі было лёгка, мы ўсе баяліся гэтага і пісалі адно аднаму нават ня маючы што сказаць, проста так, балбатня, балбатня на бальбуце была ня менш важнай, чым малітва яе словам і правілам.

Але гэтым разам, калі я апынуўся онлайн, усё было інакш.

Каштанка напісала мне і толькі мне. Ня ў нашую групу, а мне асабіста. Яна не хацела, каб нашую перапіску бачыў Козьлік. І гэта мяне насьцярожыла.

Яна скінула мне нечае ліставаньне. Копію нечага ліставаньня, якое я ня мусіў пабачыць. Але яна скінула яе мне на пошту — яна хацела гэтым нешта мне сказаць.

Я ўзіраўся ў словы чужой размовы і разумеў з усё большым шаленствам, што не магу яе пра­чытаць.

Ні слова. Кожнае слова гэтай размовы было мне незнаёмае.

Я пасьпеў ад такога адвыкнуць. Падумаўшы некалькі хвілін, я знайшоў прычыну. Прычына была непрыемная. Ды што там казаць. Гнюсная прычына, якую я ня мог ні падмануць, ні абмінуць.

Гэта была гутарка на абсалютна не зразумелай мне мове. Гутарку вялі двое — і адзін пісаў шмат, выпускаў са сваіх загонаў цэлыя статкі словаў, а другі... Другі адказваў двума-трыма словамі. Быццам яму ня надта падабалася размова, быццам ён хацеў хутчэй яе скончыць.

А словы выглядалі зусім не шляхетна. Нешта псэўдагерманскае: brekken tekken kuekken ды яшчэ розная іншая прыгожанькая лухцень: kaaru-suaru-ynga...

Абы-што. Мова кунду і тая выглядала пякнейшай, прынамсі, на маё вока. Таму я даслаў Каштанцы цэлы букет пытальнікаў, і яна адказала мне зьдзек­лівымі смайлікамі. Мы дамовіліся сустрэцца зь ёй у нейкай кавярні, якая нядаўна адчынілася на Нямізе, я там ніколі яшчэ не бываў — і я адчуў пальцах забытае ўжо, далёкае трымценьне таямніцы.

Назаўтра я прыйшоў на дамоўленую вуліцу, каля кінатэатру “Перамога”, які тады яшчэ стаяў на сваім месцы, пужаючы народ колерамі: жоўтым, крывава-чырвоным, у якія пафарбавалі калёны, і пяшчотна-ружовым... Засохлы торт, ад аднаго выгляду якога пачыналі балець зубы. Мне трэба было нырнуць у двор — там, за задубелай за зіму тэрасай, былі дзьверы, праз шкло якіх выглядваў сумны твар адміністратаркі. Я даўно не хадзіў у такія месцы. Кава тут каштавала суму, за якую я мог купіць паўбутэлькі таннага каньяку. Я ўвайшоў, сівы дзядзька ў прапаленым цыгарэтным попелам паліто і лыжнай шапачцы. На мяне зірнулі так, быццам на гэтай клоўнскай шапцы і праўда было напісана “Майстар”. Менавіта так, па-беларуску. Трэба было напіцца перад тым, як сюды ісьці. Але Каштанка ўжо махала мне з глыбіні залі. Я пайшоў да яе і пляснуўся на мяккае крэс­ла, ня зьняўшы паліто.

Што й казаць, яна выглядала шыкоўна. Сьвежая, з шаўкавістай скурай на насьмешлівых шчоках, з загадкавымі ценямі на вострых скулах... Чаму яна падалася мне непрыгожай тады, у нашу першую сустрэчу? Яны што, так хутка растуць, гэтыя шаснаццацігадовыя? Каштанка спачувальна сачыла за тым, як па маім твары прабягалі старэчыя зморшчыны. Яна не зьвяртала ніякай увагі на сьвет навокал, цадзіла свой безалькагольны кактэйль і нясьпешна рыхтавалася мяне зьдзі­віць. А сьвет навокал сачыў толькі за ёй. Мужчыны за суседнімі столікамі не спускалі зь яе вачэй, але, сустрэўшыся позіркам з той пагардай, якую я выпраменьваў, нахабна дасылаючы ім стрэлы ў адказ, яны з прыкрасьцю хавалі твары ў сваіх куфлях ды фужэрах. Вось дзе Буню трэба было шукаць вычварэнцаў, а зусім не ў маім логавішчы, сьціплай кельлі сьвятога... Добрапрыстойныя буржуі жавалі і варушылі тоўстымі пальцамі і тлустымі мазгамі, разважаючы, што Каштанка ўва мне такога знайшла, а я насьміхаўся зь іх і спрабаваў угадаць, што за таямніца мяне чакае.

Гэтая заля была поўная неўразуменьня — і я разам зь ёй.

“Што будзеце піць, ОО?” — спытала Каштанка, падсунуўшы мне мэню.

“Водку”.

Яна расчаравана ўздыхнула. Ніхто тут не здагадваўся, колькі ёй. Таму я трыюмфальна абвёў залю вачыма і выпіў першыя сто.

І тады яна расказала, што здарылася.

Нядаўна, прамовіла Каштанка, калі Козьлік праводзіў яе да дому, ён прызнаўся ёй у каханьні. Пачуўшы гэта, я гучна рохкнуў, на нас азірнуліся, ужо не хаваючыся. Калі б не мая спадарожніца, мяне адсюль выгналі б. А можа, мяне ратавала не яна, а бальбута, на якой мы напаўголасу перамаўляліся. Іншаземцаў ня так лёгка выставіць нават з самай добрай кавярні, калі справа адбываецца ў горадзе М.

“Каханьні? Козьлік?”

“Так, — Каштанка засьмяялася. — Сказаў, што я яго­­ная першая і апошняя любоў. І што кахае мяне зь пер­шага погляду. А я думала, ён мяне нена­відзіць”.

“І што ты будзеш рабіць?” — спытаў я, наліваючы са­бе яшчэ гарэлкі зь не такога ўжо і чыстага гра­фіна.

“Ня ведаю, — Каштанка махнула доўгімі, зусім дарослымі вейкамі. — У мяне гэта нешта зусім не спалучаецца: Козьлік, каханьне, я...”

“А што ты да яго адчуваеш?”

“Што? Я?”

“Ты”, — я пачуваўся расчараваным. Ну так, ну так, ад Козьліка і я сам не чакаў нейкіх там пачуцьцяў, ён жа козьлік, якія там каханьні... — але ў тым, што расказала Каштанка, не было, па вялікім рахунку, нічога асаблівага. Яны ж яшчэ дзеці. Яму хутка дваццаць, ёй шаснаццаць, нічога дзіўнага.

“Вы сур’ёзна? — Каштанка нават пакрыўдзілася. — Я? Да Козьліка? Ён жа сьмешны... Такі маленькі і сьмешны. Яго хочацца троліць, а потым шкадаваць. І карміць. Вось і ўся любоў. Да хатніх жывёлаў”.

Ёй нарэшце прынесьлі марозіва — цэлую вазу. Тое, што было ў вазе, зноўку нагадала мне чалавечую галаву — ці, хутчэй, гэтым разам, чэрап. Каштанка сунула лыжачку проста ў цемя і дастала халодны, бліскучы ў мёртвым сьвятле лямпаў мозг. Лізнула яго і закаціла вочы.

“І гэта ўсё, што ты зьбіралася мне распавесьці?”

“Амаль, — хітра прымружылася Каштанка. — Ёсьць яшчэ нешта...”

“Пачакай, я вып’ю. Вось так. Цяпер можаш расказваць. Ці вам патрэбнае маё бацькоўскае блаславеньне?”

Каштанка паглядзела на мяне неяк дзіўна і хутка, быццам баялася, што перадумае выдаваць таямніцу, прамовіла:

“А яшчэ Козьлік прыдумаў для нас зь ім сваю мову”.

“Што?”

“Так, ён прыдумаў для нас зь ім сваю мову. Усё распрацаваў і даслаў мне правілы. Сказаў, гэта мова нашай зь ім любові. Але ён спадзяецца навучыць ёй усіх, каго мы палюбім. Я ўжо маю правілы, ведаю словы... Ён прымушае мяне яе вучыць. І тое, што я вам даслала, гэта нашая зь ім размова. Ён, вядома, прасіў мяне вам не прызнавацца, сказаў, што гэта мусіць застацца таямніцай... Але я...”

“Блядзь!” — гучна сказаў я. Уся заля здрыганула­ся. З другога яе канца да нас накіравалася адмі­ніс­тратарка, на хаду прыладжваючы на твар карэктна-незадаволены выраз. Маска спаўзала. Насамрэч яна прагнула майго ганебнага выгнаньня.

“Я сама зьдзівілася... — Каштанка з асалодай разглядвала маю перакошаную ад злосьці і крыўды пысу. — Мой друг извиняется, он сегодня впервые в Минске, а его уже дважды ограбили. Войдите в положение...”

Гэта яна адміністратарцы так сказала — і тая, сумеўшыся, рэтыравалася.

“Здраднік, — сказаў я прыцішана. — Чортаў козьлік. Су-ка”.

Каштанка кіўнула.

“І як ён назваў гэтае сваё... вынаходніцтва? — спы­таў я з д’ябальскім сьмехам. — Мову вашага вя­лікага і чыстага каханьня”.

“А вы ўгадайце”.

“Ды ладна...”

“Форнаталь”.

“Як?”

“Форнаталь. Ціпа, мова для Наталкі. Для мяне. Падарунак ад каханага. І тут я мусіла б з гордасьцю сказаць, што я, напэўна, першая жанчына ў сьвеце, якой падаравалі мову. Але першай мовай, якую падаравалі мне, была бальбута. Я пра гэта памятаю, ОО. Так што ў мяне цяпер дзьве мовы. Сматріте, завідуйте, у кожнай жанчыны мусіць быць зьмяя, а ў роце ў зьмяі джала раздвоенае, адзін канец — форнаталь, другі — бальбута..”

“Я пайду пакуру”, — мне трэба было застацца сам-насам з сабой. — Еж свае мазгі, я хутка...”

“Зьбіраеце яму пазваніць?”

“Зьбіраюся яго забіць”.

“Можа, ня трэба? Ён жа проста Козьлік”.

“Проста здраднік”.

Форнаталь, блін. Форнаталь! Казьліканта! Я выкурыў адну цыгарэту, другую, трэцюю і адчуваў, што цьверазею, а ўнутры расьце млосьць і чорная, з махнатымі тоўстымі сьцяблінамі, пякучая і ачмуральная злыбяда. Яна налівалася атрутай, яна цягнула свае цяжкія лісты праз увесь горад, навісаючы над праспэктам, яна распасьцерлася ажно да поўначы майго вялікага гораду, яна захінула сваім чорным ценем шматпавярховік у цёмным мікрараёне, яна ведала, што шукаць у гэтым лябірынце аднолькавых кватэраў. Стварэньне, якое мела назву “Паганы Козьлік”, малое і ўбогае стварэньне, якое кінула мне выклік. Форнаталь.

Я яму пакажу форнаталь.

Я вярнуўся і разьвітаўся з Каштанкай, якая адказала мне нейкай сваёй афрыканскай прымаўкай.

“Дашлі мне ўсё па гэтым форнаталі...”

“Добра, — з гатовасьцю пагадзілася Каштанка. — Але я хацела вас папрасіць, каб вы ня надта балюча яго забілі, ОО. Проста я думаю, што...”

Але я ўжо ня слухаў, што яна там шчабеча. Я ўжо ведаў, што я зраблю. Я ўжо рыхтаваў суд. Першы судовы працэс на мове бальбута.

Каштанка паабяцала нічога не расказваць гэтаму здрадніку, і я ёй верыў. Ну так, дзеўка — але яна не такая, як усе, яна ўмее захоўваць таямніцы. Але і пра сваю ідэю я ёй таксама нічога не сказаў. Ці мала што ёй у галованьку стукне. Празь некалькі дзён яна і Козьлік атрымалі ад мяне ліст, цалкам прысьвечаны бальбуце — і толькі ў самым канцы, нібы незнарок, я напісаў, што чакаю іх у сябе другога красавіка. Роўна а сёмай. А затым я напісаў Буню, які таксама атрымаў ад мяне інструкцыі. Буня быў запрошаны ў маю рэзыдэнцыю на шэсьць вечара.

Заставалася толькі чакаць.

***

Першым прыйшоў Козьлік. Імкнучыся нічым сябе ня выдаць, я зрэдзьчас пазіраў на яго, спрабуючы знайсьці ў ягоным барадатым, кепска прамаляваным твары прыкметы здрадніка. Але ён выглядаў як заўжды. Толькі прышчоў паболела. У сакавіку на пысах маладога пакаленьня вылазяць цэлыя калёніі прышчоў, а нам цярпі. Цярпі і адводзь вочы ад гэтай брыдоты.

Я цябе самога выцісну, як прышч. Прышч на прыгожым твары маёй мовы. Козьлік-муёзьлік, кароль форнаталю, закаханы шэксьпірчык. Мала не падасца. Гэта будзе твой апошні вечар. Апошні вечар на высьпе Бальбуты.

Захаканы шэксьпірчык ляжаў на падлозе і чытаў мае кніжкі. І толькі па тым, як падрыгвала яго шыя, па тым, як чырванелі шчокі, было зразумела, што ён чакае званка ў дамафон. Чакае, што зараз прыйдзе яна...

“Кагда! Ана!” — успомніў я “Госьцю з будучыні”. Фільм з тых самых часоў, калі я, лежачы на падлозе зь сябрукамі, выразаў з паперы фігуркі салдатаў, купцоў, чарадзеяў і аголеных жанчын. І чытаў “Словарь юного филолога” з халвой упрыкуску.

“А говорил, романтик...”

Я ўсьміхнуўся.

“Піва?” — прапанаваў я Козьліку, ведаючы, што хачу выканаць ягонае апошняе жаданьне. А ён, дурнічка, ні пра што не здагадваўся.

Каштанка прыйшла роўна празь дзесяць хвілін. Можа, яны нават разам прыехалі да майго дому з мэмарыяльнай шыльдай на баку. А потым Козьлік сказаў на сваім форнаталі: “Спачатку зайду я, каб Алег Алегавіч ні пра што не здагадаўся. А ты празь дзесяць хвілін пазвоніш”. І Каштанка пагадзілася, гледзячы на яго сваімі нявіннымі вачыма. Пэўне, так і было. У мяне ўжо не было сумневаў. Ні ў чым не было сумневаў.

Каштанка села на мой ложак. Зьвесіла ногі так, каб яны апынуліся ад Козьліка блізка-блізка. Каб дражнілі яго, дражнілі і не давалі яму адчуць небясьпеку.

“Я думаю, бальбуце патрэбная перазагрузка”, — сказаў я змрочна.

Козьлік замахаў рукамі:

“Гэтага я і баяўся! Вось паверце, я так і думаў, што аднойчы гэта пачую. Не! Бальбута ўжо жыве, яна ўбіраецца ў сілу, я ўжо думаю толькі на ёй! Перазагрузка яе заб’е. Ёй трэба даць разьвівацца самой...”

Я спыніў ягоныя рытуальныя выгукі ўладным рухам рукі.

Аднымі вачыма я ўсталяваў маўчаньне ў гэтай цёмнай,

задымленай,

здымнай

аднапакаёўцы,

у горадзе М.,

у доме з мэмарыяльнай дошкай,

у часы ўсеагульнага мораку.

Каштанка сядзела на ложку. Козьлік паўляжаў каля маіх ног. Большую частку дывана займаў нізкі журнальны стол, шчодра лякіраваны, карычневы, на якім я расставіў пачастунак: разагрэтую піцу, зэфір, накрышаную шакалядку, піва, віно і гарбату, ды яшчэ поўную скрыню марозіва колеру жаночай пудры.

“Мае даражэнькія бальбутане, — сказаў я і ўсьміхнуўся. — Нас робіцца ўсё болей. Дазвольце прадставіць вашага блуднага брата па бальбуце. Вольнага і шчасьлівага!”

Я махнуў рукой і наліў сабе віна. Але Буня не зьяўляўся. Козьлік і Каштанка, здаецца, не зразумелі, у чым рэч — замест таго, каб азірацца па баках, яны сачылі за маім ротам. Быццам іхны блудны брат па бальбуце мусіў выскачыць адтуль. Прыдурак, дзе ж ён падзеўся?

“Вось жа, вольны і шчасьлівы Буня!” — раздражнёна выгукнуў я, намагаючыся ўратаваць гэты тэатр.

Буня выйшаў з калідору і стаў у дзьвярах. Я доўга вучыў яго, што ён павінен прамовіць у гэтую хвіліну, але, відаць, ад хваляваньня ён забыўся тэкст.

Козьлік і Каштанка прысунуліся адно да аднаго. А казала, ніякай любові.

“Што ён тут робіць? — Каштанка схапілася за скроні. — Што тут робіць гэтая марская сьвінка?”

І тады Буня ўспомніў. Заікаючыся і блытаючыся ў словах, абсалютна ігнаруючы ўсе выдуманыя мной высакародныя -utima, ён тым ня менш павітаўся з маімі бальбутанамі і апісаў ім сваю кранальную гісторыю.

Козьлік ня верыў сваім вушам.

“Гэтага ня можа быць, — сказаў ён. — Гэта сон. Або гэта сон, або вы геній”.

Апошняе было сказана мне. Чортаў хлус. Хлус, паскуда і здраднік.

“Віншуем, Буня, цяпер ты — адзін з нас, — прамовіў я так урачыста, як толькі мог. — Я думаю, усе мы дапаможам табе авалодаць бальбутай так, каб ты змог ачысьціцца ад шалупіньня так званых жывых моваў і здолеў спаўна нацешыцца прыгажосьцю і свабодай канлангу...”

Буня падсунуў пад свой азадак прынесены з кухні зэдлік і сеў каля дзьвярэй, што вялі ў калідор. Козьлік і Каштанка глядзелі на яго з кепска схаванай непрыязнасьцю.

“Я ўсё яшчэ ня веру, — сказаў Козьлік. — Я хутчэй паверу, што Каштанка прамяняе марозіва на чабурэк, чым...”

“Нас было трое, — перапыніў я ягоную балбатню. — Прашу зьвярнуць увагу на арытмэтыку. Нас было трое, і нас застаецца трое. Ставячы сёньня плюс, я стаўлю і мінус...”

Каштанка пачала здагадвацца, у чым рэч, і зь цікавасьцю назірала за Козьлікам. Яна нават зручней уладкавалася на маім ложку. Ёй пачынаў падабацца мой спэктакль.

“Я...” — сказаў Буня на бальбуце і замаўчаў. Усе міжволі ўсьміхнуліся. Козьлік — трохі трывожна. Адчуў, казёл, скурай, куды вецер дзьме.

“Мой Козьліку, — зьвярнуўся я да яго ласкава. — Ты быў першы, каго я навучыў бальбуце. На жаль, надышоў момант яе забыць. Так выйшла, што гэты момант прыйшоў толькі для цябе”.

“Як для мяне?” — усклікнуў Козьлік, падско­чыўшы з дывана. Ён абвёў вачыма мяне, Каштанку, Буню, і ягоныя вочы зноў вярнуліся да маіх — злых, бязьлітасных і ўладных.

“Мой Козьліку, — сказаў я. — Ты мне здрадзіў. І мусіш адказаць за свой учынак”.

Я прамовіў усё гэта на чысьцюткім форнаталі. Нават сам ягоны стваральнік ня мог бы сказаць чысьцей. Нейкім заднім розумам я адзначыў сам для сябе, што выйшла складна. Мілагучны гэты ягоны форнаталь, нічога ня скажаш, пахваліў я Козьліка ў думках. Здольны быў вучань. Разумнае казьляня.

Козьлік ускочыў і сьціснуў кулакі. Ён пераво­дзіў позірк то на мяне, то на Каштанку, і толькі на Буню ён не глядзеў, нібы яго не існавала ў гэтым паўцёмным пакоі, дзе я вяршыў свой строгі і справядлівы суд.

“Як стваральнік бальбуты я выганяю цябе зь яе нябачнай выспы”, — сказаў я цьвёрда, бязь ценю ўсьмешкі. Спачатку на форнаталі, а потым на бальбуце, паўтарыўшы ўсё гэта яшчэ больш грозна:

“Як стваральнік бальбуты я выганяю цябе з нашай нябачнай выспы”.

І тады з маленькіх вачэй Козьліка пасыпаліся маленькія казьліныя сьлёзы. Каштанка глядзела на іх, як заварожаная. Нешта спрабаваў прамэ­каць каля дзьвярэй Буня, падымаў і апускаў руку, як цацачны мядзьведзь.

“Паеж на дарожку, — пяшчотна сказаў я, паказ­ваючы на свой каралеўскі стол. — А потым ідзі і не вяртайся. Але спачатку скажы хоць нешта ў сваё апраўданьне”.

Козьлік набіраў паветра ў свае кволыя грудзі, трос барадой, але так і не сказаў ні слова. Я падумаў, яго зараз разарве. А можа, ён насамрэч быў ніякім ня Козьлікам, а паветраным шарыкам, балёнікам, які...

“Давай, Козьлік, скажы”, — настойліва і строга сказаў я, каб яго падахвоціць. Хоць мне было ўжо зусім не цікава, што ён скажа.

“Што ж мне рабіць?” — ціха спытаў Козьлік, зьвяртаючыся ўжо толькі да мяне. Да мяне аднаго — да таго, хто вырашыў ягоны лёс.

“Паехаць дамоў, да сваіх бацькоў, добра вучыцца і ўсё забыць, — адказаў я абыякава. — Ведаеш, як забываюць мову? Спачатку забываюцца асобныя словы. Потым граматыка ў галаве захінаецца туманам, і ты ўжо ходзіш па мове навобмацак, яшчэ ўгадваючы нейкія абрысы, яшчэ памятаючы разьмяшчэньне аб’ектаў, спадзеючыся на інтуіцыю, на кантэкст. Затым ты ўжо проста блукаеш у цемры. А потым нехта ўключае сьвятло — і мова, якую ты ведаў, падаецца табе проста сном. Вядома, зусім забыць мову немагчыма. Застануцца нейкія ашмоткі, няясныя згадкі, раптоўныя асацыяцыі. Але гаварыць ты больш ня зможаш. Ды і з кім? Бальбута не даруе здраднікам”.

“Але... — Козьлік выслухаў мяне ўважліва, такі бледны, якім я яго ніколі ня бачыў. — Але што мне цяпер рабіць?”

Вось дурань.

“Для каго я толькі што выпінаўся, га, Козьліку?”

“Але я... — ён плакаў і глядзеў мне ў вочы. — Я ня ведаю, што мне рабіць. Я не змагу без бальбуты. Вы, бальбута, Каштанка... Гэта ўсё, што ў мяне ёсьць”.

“А калі б можна было выбраць? Нешта адно? Што б ты пакінуў, а ад чаго б адмовіўся?” — спытала Каштанка. Буня з інтарэсам прыслухоўваўся да нашай размовы, але мала што разумеў. Яму пакуль не хапала практыкі.

Козьлік не адказваў. Толькі потым, з жахам вывучыўшы твар Каштанкі (і калі яна пасьпела зноў зрабіцца такой непрыгожай?), ён выціснуў зь сябе тыя самыя апрыкрыя ўжо словы:

“Што мне рабіць?”

“Ды нічога з табой ня здарыцца! — кінуў я злосна. — Можна жыць і бяз мовы. Гавары сам з сабой на сваім форнаталі, хоць да ўсрачкі. Нічога з табой ня здарыцца, Козьліку! Жыў будзеш! Успомні, што пісаў Імрэ фон Штукар. “Мы паляцім у бездань, маючы ў зубах толькі крыкі. Мы зробімся лёгкія, як папера”. Цэлы год ты жыў з бальбутай. Ты ўжо лёгкі і вольны, твая душа ўмее даваць рады імкліваму падзеньню, ты ведаеш словы, якія не дадуць табе грымнуцца аб зямлю і разьбіцца. Бальбута дасьць табе сілы прыглушыць боль, ты плаўна апусьцішся і пражывеш сваё нікчэмнае жыцьцё, ты зробішся такім, як яны — вось і ўсё!”

Я паказаў у акно і зьнясілена адкінуўся ў сваім крэсьле. Каштанка глядзела на мяне з захапленьнем. Яна яшчэ ня бачыла мяне такім. Козьлік ківаў, мне здавалася, ён мяне слухае, слухае так, як ніколі ня слухаў, але ён раптам падышоў да ложка і заляпіў Каштанцы аплявуху. Яе твар успыхнуў, яна нават зразумець не пасьпела, што адбылося. А потым упала тварам у падушку. Маю падушку. Не пасьпеў нічога зрабіць і я — у нейкім ступары я круціўся на крэсьле і назіраў, як Буня ўскочыў зь месца і пачаў малаціць Козьліка кулакамі.

“Ня тут! — толькі і змог я віскнуць, калі ачуняў. — Цягні яго на вуліцу і там рашайце свае справы! Ня тут, Буня!”

Як ні дзіўна, ён мяне паслухаў. Схапіў Козьліка за бараду і пацягнуў да дзьвярэй. Козьлік не супраціўляўся, толькі пыхцеў, і гэта было б сьмешна, калі б не было так убога. Я чуў, як яны спускаюцца па сходах, як ва ўсіх кватэрах гэтага цёмнага пад’езду ў доме з мэмарыяльнай дошкай адчыняюцца і зачыняюцца дзьверы.

Каштанка выцягнулася на маім ложку і адвярнулася да сьцяны. Я схадзіў і зачыніў кватэру, даў Каштанцы марозіва, але скрынка зь ім была цёп­лая, а марозіва амаль растала — верная прыкмета падробкі. Таму давялося зьбегаць на кухню, дас­таць шмат ледзянога, цяжкага, як цагліна, купленага некалі сала і прыкласьці да Каштанчынага твару. Яна войкнула.

“Выпі”, — я наліў ёй віна.

“Спойваеце непаўналетніх, — яна крыва ўсьміхнулася, павярнуўшыся да мяне. — Мне так шкада яго, ОО”.

“Ды нічога зь ім ня зробіцца”, — буркнуў я і асу­шыў поўную шклянку.

Яна адпіла і зноў павалілася на падушку. Маю падушку.

У дзьверы зазванілі. Я пайшоў адчыняць, а калі вярнуўся, яна ўжо сядзела, моцна трымаючы сала каля скулы. У пакоі зьявіўся Буня, кінуўся да яе, застыў на паўдарозе, наляцеўшы на стол.

“Як ты, Каштанка? Вось падла, я яго добра павучыў, — горда сказаў Буня. — Але ўсё роўна мала. Вырваўся і ўцёк. Казёл!”

“Уйди, Буня, — прамовіла Каштанка па-расейску. — Уйди и не приходи больше. Понял?”

Твар у Буні зрабіўся чырвоны, як у п’янага. Ён ня рухаўся зь месца, стаяў і глядзеў на яе зь любоўю і крыўдай.

“Ідзі, — махнуў я яму. — Ты ж чуў, што табе сказалі. Давай, Буня. Я табе напішу”.

Але ён стаяў.

“Ідзі ў сраку! — крыкнула Каштанка. — Я тебя видеть больше не могу! Уйди и убейся где-нибудь! И чтоб навсегда!”

Скамянелы Буня заварушыўся — але паслухаўся гэтага дзікага крыку. Зашамацела куртка, бразнулі дзьверы, і мы засталіся адны.

Каштанка паклала ў рот кавалак даўно астылай піцы і пачала асьцярожна жаваць.

“Налі мне яшчэ віна”.

Я наліў. Мы чокнуліся.

“Я пасяджу ў цябе?”

“Сядзі”, — я зноў прысеў каля яе.

“Ты ж не зьбіраешся да мяне чапляцца? Нічога ня выйдзе”.

Я пакачаў галавой. І выпіў яшчэ. А потым стаў каля форткі і закурыў.

“Дзікабраз, што схаваўся ў нары, больш не малады, — сказала Каштанка. — Забыла, як там на кунду. Але сэнс такі. Ты мой стары дзікабраз, ОО”.

“Сама ты дзікабраз. Можаш мне дапамагчы?”

Мы зноў гаварылі на бальбуце. Дакурыўшы, я падсеў да яе з кнігай у руках. Засланяючы далоньню непрыстойныя карцінкі, усе гэтыя гнюсныя аўтапартрэты Франсуазы Дарлён і яе юрлівага сабакі з тонкімі лапамі і поўсьцю, што станавілася дуба на кароткім загрыўку, я паказваў Каштанцы толькі тэксты. Паказваў адзін за адным, і яна чытала іх уголас, і моршчылася, і ўсё спрабавала прыбраць маю строгую далонь — але я трымаў яе, там, дзе трэба, напружваючы запясьце, пакуль яна мяне не ўкусіла. Хапнула зубамі проста за валасатую руку.

“Ты чаго?”

“Нічога”.

Я загарнуў кнігу і адкінуў далей ад ложка.

“Магчыма, ты нешта адчула або зразумела? Ну хаця б нешта? Штосьці ўкалола, штосьці падалося знаёмым?”

“Не, — сказала яна і дапіла віно. — Спаць хачу”.

На маёй даўно ня мытай падушцы, утапіўшы ў ёй сваё чырвонае вуха, яна так і заснула. Я прылёг побач, спрабуючы ўявіць сабе Козьліка. Як ён блукае па горадзе, з разьбітым тварам, страціўшы бальбуту, і Каштанку, і мяне, і цэлы год свайго жыцьця. Нічога, у яго яшчэ ўсё жыцьцё наперадзе. Усё доўгае, доўгае, доўгае жыцьцё.

Я сам не заўважыў, як заснуў побач з Каштанкай. А калі прачнуўся, было ўжо занадта позна.

“Верачка”, — сказаў я і сутаргава глынуў сьліну. На лесьвічнай пляцоўцы ўжо былі чуваць яе крокі. У кватэры было цёмна, вока выкалаць можна, побач прачнулася Каштанка і заварушылася.

“Што там за Верачка табе прысьнілася?” — сказала яна ў змроку, такая блізкая і цёплая Каштанка, якая пахла віном і салам.

“Ціха!” — цыкнуў я.

Позна, позна, было ўжо занадта позна. Верачка асьцярожна ўставіла ў замок ключ. Я схапіў Каштанку і разам зь ёй накрыўся пледам, тым самым пледам, пад якім заўжды сустракаў Верачку і пад якім хаваўся ад яе. Тым сьмярдзючым пледам, які Верачка ніколі не магла падняць. Бо ёй гэта было забаронена, забаронена ня мной, а тымі правіламі, якія ўсталёўвалі ня я і не яна, законам, які прыдумаў той, хто пасылаў Верачку з самага сэрца цемры.

“Гэта твая жонка?” — шэптам спытала Каштанка, прыціснуўшыся да мяне пад пледам.

Верачка ўвайшла, скінула боты, пайшла мыць рукі. Што яна напявала пад нос сёньня? Я ня мог разабраць, шумнае дыханьне Каштанкі перакрывала сабой усё, казытала мне вуха, не давала дыхаць.

“Гэта Верачка, — шапнуў я. — Ляжы ціха. І тады ўсё, можа быць, скончыцца добра”.

“Але яна знойдзе нас тут!” — прыдушаны голас Каштанкі гучаў пад пледам, як піск. Нібы па нашых целах бегалі мышы. Куча галодных і брыдкіх мышэй. Мы прыціскаліся адно да аднаго і я закрываў Каштанцы рот, але яна пачала торгацца, і я спужаўся, што задушу яе — адпусьціў, адчуваючы, што ў галаве пачынае злавесна і цяжка грукаць. Мне было блага.

“Ёй нельга, — прашаптаў я. — Зараз яна пойдзе на кухню, памые посуд, пакіне там штосьці, прыйдзе сюды. Паляжыць побач — і потым усё скончыцца. Так заўжды бывае. Але сёньня можа стацца інакш”.

Каштанка замерла, пацерлася аб мяне, а потым зноў заказытала мне вуха:

“А яна... Гэтая Верачка — наогул, чалавек?”

“Я ня ведаю, — сказаў я. — Я ніколі яе ня бачыў”.

Каштанка засапла. Вось цяпер я і праўда быў гатовы яе прыдушыць. Верачка зьвінела посудам, яна яшчэ ня ведала, што дзеецца ў пакоі, дзе мы ляжалі з Каштанкай, замёршы і прыціснуўшыся адно да аднаго. Зараз яна разьбярэцца з кухоннымі справамі, а потым зойдзе, пабачыць і ўсё зразумее. Хутчэй за ўсё яна вельмі добра ўмее бачыць у цемры. Яе позірк пранікае скрозь сьцены і дрэвы, скрозь сталь і бэтон, скрозь шкло і сьнег, скрозь зямлю і паперу — так, так, праз паперу... І толькі адно ёй забаронена — здымаць гэты стары, выцьвілы, паедзены мольлю плед. І гэта нас уратуе. Мы маем шанец. Гэта скончыцца. Некалі ўсё гэта скончыцца.

І тады Каштанка скінула яго. Рэзкім рухам, так, што я не пасьпеў яе ўтрымаць, яна скінула плед на падлогу і паднялася на ложку. Я ляжаў, моцна заплюшчыўшы вочы, і маліўся.

“Bruta mau, tau istuzu u autima, tau balbuta svetuzu bu, tau stuta aiduzu bu, tau fuzu ujma sau aluzu u tutima da autima, du nau kusutima rusoje dinuti...”

Я больш ня чуў ні Верачку, ні Каштанку, ні гарадзкога шуму за акном. Толькі свой голас, няшчасны голас прымата, які ня можа дастаць да галінкі.

Цёплыя рукі леглі мне на твар.

“Тут нікога няма”, — сказала Каштанка, з усяе моцы выцялася каленам аб стол з маім д’яблавым пачастункам і вылаялася.

“Я сыду з твайго логава інвалідам”.

Я паволі расплюшчыў вочы. Каштанка шчоўкнула выключальнікам, у пакоі зрабілася сьветла, знаёмыя, абрыдлыя мне прадметы пазіралі на мяне з пагардай, рэчы ўздыхнулі і сталі на месца, гатовыя працягваць свой нерухомы бег.

Каштанка, пакульгваючы, прайшлася па ква­тэры.

“Нікога, — пачуўся яе голас з кухні. — Нікога. Ніякай Верачкі”.

Я недаверліва засьмяяўся.

“У цябе галюцынацыі, — сказала Каштанка. — Як інцярэсна!”

Я, усё яшчэ ня верачы, пайшоў да яе, абнюхваючы ўсе куты — зусім як Буня, калі прыйшоў да мяне з інспэкцыяй. І праўда, кватэра выглядала так, быццам ніхто не прыходзіў. Або я звар’яцеў — або Каштанка спужала Верачку. Бедная Верачка, страшная Верачка, ніколі ня бачаная мной Верачка, цемра-Верачка, Верачка-вусьціш. Ты ўцякла ад нейкай саплівай школьніцы. Або?..

Або ты ўсё яшчэ тут. Хаваешся. Чакаеш, калі гэтае дзіцё сыдзе. Цярплівая Верачка. Верачка, якая не сыходзіць проста так, нічога не пакінуўшы і не забраўшы.

Я пачаў адчыняць усё, што магло адчыняцца ў гэтай праклятай кватэры. Але марна: калі Верачка і хавалася недзе тут, дык я мог яе і не пабачыць. Яна магла зрабіцца чым заўгодна. Хоць кавалкам гумовай піцы, хоць недапалкам, хоць мольлю, што кружляла вакол Каштанкі, стрыгучы сьпёртае паветра. Я апусьціўся на кукішкі і такім вось клоўнскім чынам пачаў дасьледаваць падлогу, спрабуючы знайсьці хоць нейкія сьляды. Каштанка назірала за мной, кпліва пасьмейваючыся, а потым, уздыхнуўшы, таксама пачала поўзаць па падлозе — я бачыў, якія брудныя ў яе калені. Што скажуць яе бацькі?

“Ты не заўважыла нічога дзіўнага? — пакрэктваючы, я папоўз у бок, хоць мне ня надта хацелася аддаляцца ад Каштанкі. Я баяўся згубіцца ва ўласным жытле. — Нічога не знаходзіла на падлозе? Можа, гузік? Ці нітку? Хоць бы нейкі сьлед...”

“Ды не, нічога, — Каштанка зазірнула за фатэль. — Нічога такога. Калі, канечне, не лічыць гэтага...”

І яна працягнула мне далонь. Сваю чыстую, утульную далонь, на якой ляжаў кавалак паперы. Я паглядзеў на тое, што яна мне паказвала, і задыхаў, часта-часта. Мне здавалася, сэрца зараз выскачыць з грудзей.

На далоні Каштанкі ляжала выразаная з паперы фігурка. Папера зусім пажаўцела, таму колер фігуркі быў падобны да колеру чалавечай скуры. Гэта была фігурка жанчыны: няўмела, груба, дрыготкімі пальцамі выстрыжаная з паперы жанчына, у якой школьнай асадкай былі намаляваныя вочы, ледзь бачны нос, распусны і вялікі рот зь вялікімі вуснамі, і смочкі, і пупок, і валасы на лабку, і ўсё тое, ад чаго некалі мы вар’яцелі, апантана арудуючы нажніцамі пасярод бяскрайняга дывана. Даўным-даўно, ня тут, у іншым жыцьці, у іншай імпэрыі, пад нагамі дарослых, якія вось-вось маглі вярнуцца з працы, на якой яны зараблялі нам хлеб.

“Здраствуйте, Верочка, — прасьпявала Каштанка, усьміхаючыся сваёй далоні. — Приятно с вами познакомиться”.

Я хацеў вырваць фігурку ў Каштанкі з рукі, але яна спрытна перахапіла яе двума пальцамі і кінулася ад мяне на кухню.

“Прыемна быць мацнейшай за нечы страх, — прамовіла Каштанка, беручы запалкі. — Бывайце, Вера”.

Не, я не спрабаваў яе спыніць. Я стаяў у дзьвярах кухні і глядзеў, як паперка робіцца агнём, і агонь ляціць у ракавіну, як Верачка шыпіць і рассыпаецца на чорныя пялёсткі. Яна проста вярнулася туды, адкуль прыйшла.

“Нго ібэ і са кітака моломба, — сказала Каштанка. — Двум леапардам цесна ў адной нары. Праўда, ОО?”

Загрузка...