4.
У часы майго юнацтва людзі хадзілі па вуліцах з плястыкавымі пакетамі — быццам кожны зь іх толькі што расплаціўся ў супэрмаркеце.
Вядома, у гэтых людзей былі і парэпаныя партфэлі, і спартовыя торбы, і чорныя дэрматынавыя дыпляматы з бліскучымі закрыўкамі. І тая пошлая рэч, якую ў нас называюць гнюсным словам “барсэтка”, ужо ўваходзіла ў моду. Мяне дагэтуль так і цягне назваць барсэткай якую-небудзь маладжавую злыбяду ў спадніцы. Натуральна, у жанчын былі іхныя цудоўныя сумачкі, якія я так люблю нюхаць. Але аблічча гарадзкога жыхара вызначаў менавіта яркі прастакутны пакет у руцэ. У кожнай вольнай руцэ.
Пукаты і напаўпразрысты, ён амаль заўжды дазваляў угадаць ягонае зьмесьціва. Хоць бы прыблізна. У пакетаў была свая герархія: тыя, што мелі на сабе “інастранныя” надпісы або нейкія цікавыя малюнкі і лягатыпы, цаніліся вышэй, імпартны пакет паводле сваёй вартасьці быў амаль роўны айчыннай торбе. Герархія пакетаў уплывала на чалавечую — і кожны дзень я пакорліва выходзіў з дому з пакетам, як і тысячы іншых менчукоў, і з хваляваньнем параўноўваў свой пакет з чужымі. Ехаў з гэтым пакетам на вучобу, на шпацыр, на працу, на спатканьне, насустрач кожнаму новаму дню.
Сумныя, сумчатыя людзі, упакаваны ў яркія пакеты неспакой... Цяпер я разумею, што пакет панаваў у горадзе праз тагачасную беднасьць ягоных жыхароў. Пакет — рэч танная і практычная, ён не займае шмат месца. Праўда, у яго часта рвуцца ручкі, кожны пакет наогул рана ці позна парвецца, і скрозь тонкі плястык раптам вылезе вонкі ўся нашая натура, выцягнуць свае зьмяіныя галовы нашыя таямніцы і страхі, пакет ненадзейны, як чалавечае шчасьце — і тады, падтрымліваючы за азадак парваны пакет і несучы яго дамоў, як дзіця, мы робімся тымі, кім мы ёсьць насамрэч, без пазалоты і лягатыпаў, мы апынаемся па-за герархіямі. Але калі пакет берагчы і не напіхваць у яго занадта шмат — жыць можна. Можна марыць і мерацца надпісамі.
А яшчэ тыя пакеты ўвасаблялі рынак, Захад, мару пра новае жыцьцё, даступныя тавары, сто гатункаў сыру і каўбасы. Мы ўсе з гордасьцю ўсьвядомілі сябе спажыўцамі. Сьвет як супэрмаркет — гэта прыгожа сказана. Нам падавалася тады, што нашыя браты і сёстры на Захадзе так і ходзяць — з пакетамі, а нам хацелася ва ўсім быць падобнымі да іх. Плястыкавы пакет з лацінскімі літарамі на баку быў маніфэстам нашай свабоды. Ён мог бы зрабіцца нацыянальным сьцягам — і аб’яднаў бы значна больш людзей, чым гэта могуць усе іншыя знамёны і знакі. Пад такі сымбаль стаў бы кожны. І над Домам Ураду плястыкавы пакет глядзеўся б значна больш дарэчна, чым усе магчымыя палотнішчы. Ягоная форма ідэальная для сьцяга, а зьмест — зьмест заўжды можна ўкласьці свой.
Пакет панаваў на вуліцах гораду тады, калі ў мяне яшчэ ня вырас ні вус на пузе, ні густ на сэрцы. Як толькі яны пачалі прарастаць, я адразу ўцяміў ягоную небясьпеку. Пакет здольны зрабіць выгляд чалавека безгустоўным і бязглуздым, нават калі яго трымае самая выкшталцоная і элегантная асоба. Пакет робіць пакетам таго, хто яго трымае. Пакрысе ў горадзе пачалі гэта разумець, людзі разбагацелі і змаглі нарэшце выкінуць свае пакеты на сьметнік, пакет чапляўся за іхныя рукі, як жуйка на падлозе маршруткі чапляецца за падэшвы, пакет не хацеў саступаць, ягоныя ручкі былі яшчэ цэлыя, моцныя, настойлівыя ручкі, якія прыліпалі да нашых стомленых пальцаў.
Плястыкавы пакет сышоў туды, адкуль уварваўся некалі ў нашае жыцьцё: у гандлёвыя цэнтры і гіпэрмаркеты. Праўда, потым людзі зноў зьбяднелі, і зноў разбагацелі, а потым зьбяднелі так, што ўжо ня ведаюць, як жыць далей — але пакет ужо ніколі больш не вяртаўся на вуліцы ў якасьці заканадаўцы моды. Пакет жыве роўна столькі, колькі трэба, каб дабрацца з крамы да дому. Пакет даўно саступіў месца палатняным торбачкам, зручным заплечнікам, стылёвым пляншэтам, і жаночыя сумачкі пахнуць гэтаксама чароўна, як і заўжды.
І толькі старэйшае пакаленьне гараджанаў захавала да плястыкавага пакета дзіўную любоў. Яны не разважаюць пра пакеты ў катэгорыях густу, эстэтыкі, экалёгіі або сацыялёгіі. Яны кладуць туды пэўныя рэчы і нясуць іх у пэўныя месцы ў пэўны час — бо калі ёсьць пакет, туды трэба нешта класьці, ці ня праўда, і наогул, якая каму розьніца, што ў цябе ў руках — так любіць казаць мая харошая мудрая Мама.