6.

Думаючы пра Нільса Хольгерсана, я ехаў у аўтобусе ў Нацыянальны аэрапорт да Мамы і разглядваў пасажыраў. Зь Нільсам усё абышлося, а вось ці абыдзецца зь імі? Некаторыя зь іх, мабыць, палятуць разам з маёй Мамай — і што б я ні рабіў, у галаве маёй мільгалі розныя жудасныя, але вельмі выразныя карцінкі: лес пад Смалявічамі, раскіданыя па сьветлых, выгаралых ад сонца ялінах рэчы, агонь разыходзіцца ўсё далей і далей. Сто пяцьдзясят трупаў, ня выжыў ніхто, і голас па тэлевізары скажа, што на целе радзімы зьявілася яшчэ паўтары сотні шнараў.

Жукаў Луг, Каралёў Стан. Паэзія Менскага ­раёну.

Я ведаю той лес каля лётнішча. Скрозь ельнік бялеюць целы самалётаў, узьлётная паласа дакранаецца да ўзьлеску бэтоннай сьцяной, калючыя сухія кветкі дрыжаць на ветры, кожны кусьцік — таксама лётнішча, адкуль штохвіліны ўздымаюцца ў паветра грузныя чмялі. І калі ў аэрапорт ехаць цягніком, то чыгунка праходзіць акурат праз гэты лес, рэдкаваты, але поўны колераў, быццам лета тут зладзіла сваю лябараторыю. На лясных паваротах цягнік запавольвае хаду — і хочацца выскачыць, пругка ступіць на ігліцу, пагуляць у партызанаў. Хоць гэты лес каля лётнішча найпрыгажэйшы ўвосень. Я ўжо езьдзіў неяк сустракаць Маму з Гішпаніі. На ўзьлеску я нарваў ёй красак. Хоць я нешта блытаю, якія краскі. Краскі былі, калі яна была ў Атэнах.

Аўтобус падымаецца да самага тэрміналу, у дзьвярах захрасаюць чамаданы, я дапамагаю, нахіляючыся зусім блізка да нечых валасатых рук: а з рук глядзіць гадзіньнік, у яго твар маёй Мамы.

Спазьняюся.

У тэрмінале холадна і гулка, як у басэйне.

“Где ты ходишь? — яна бяжыць мне насустрач. — Прывітаньне! О Господи, ты чуть ходишь, круги под глазами, тощий весь как не знаю кто. Отвезешь это — и спать. И вот номер, позвони и договорись, только сегодня, обещай, там ждут!”

“Мама! — я з жахам паглядзеў на тое, што ў яе ў руках. — Мам, ты же знаешь, что я... Вот черт, ну ты ж могла более что-то...”

У адной руцэ ў Мамы была паперка з нумарам.

А ў другой — пакет.

Плястыкавы пакет з інастраннымі літарамі. Пакет сярэдніх памераў, а ў ім яшчэ штосьці, упакаванае ў непразрысты, падазроны, няпросты, прышчавы цэляфан.

“Мама, ну ты бы хоть в сумку положила... Ты ж ведаеш, я ненавіджу пакеты... У меня с собой ничего нет, знал бы, заплечник взял... Ну как я буду с пакетом ходить целый день... Как дурак...”

“В сумку? В женскую?” — хітра прымружваецца мама. Вядома, яна баіцца, што я гей, хоць і не прызнаецца ў гэтым. Але цяпер яна жартуе. Прос­та жартуе і цалуе мяне ў лоб.

“А что там?” — кажу я смурна, ставячы пакет паміж ног. Цяжкаваты, халера. Але не занадта.

“Где?”

“Ну, в пакете этом...”

“Любопытная ты Варвара. Много будешь знать... В общем, держись, ешь и спи побольше, вот тебе деньги, чтоб ел каждый день. И не забудь позвонить и отдать пакет! Все, давай-пока!”

І яна бяжыць на кантроль. Вакол яе заўжды ўсё пачынае рухацца хутчэй. Ёй шэсьцьдзесят адзін, а яна ўсё бегае, лётае, уладкоўвае, крычыць, калі трэба крычаць, і хітрыць, калі трэба быць хітрай. Мая Мама — птушка. Ня гуска, ня курыца, не верабей, а нейкая сумесь савы і арла. І яе такія частыя сэзонныя міграцыі мяне палохаюць. Што, калі... Смалявіцкі лес, выгаралыя яліны, сто пяцьдзясят шнараў. І пакет у мяне ў руках.

У мяне вельмі дзелавая мама. Яна тройчы была замужам, да трэцяга мужа пераехала, а кватэру пакінула мне. Нашую старую аднапакаёўку ў самым цэнтры. Дзелавая, стылёвая, багатая Мама, дзякуючы якой я яшчэ не памёр з голаду — а вось жа, яна дагэтуль думае, што я здольны хадзіць па горадзе з пакетам.

Я бачу, як яна зьнікае ў нетрах тэрміналу.

Я кручу ў руках паперкі — нумар, грошы.

Ля маіх ног стаіць плястыкавы пакет. Быццам мяне папрасілі паглядзець за чужым дзіцём. Трэба як найхутчэй ад яго пазбавіцца, падумаў я, пазяхнуўшы. Цягам гадзіны. Цягам цэлай гадзіны я буду чалавекам з плястыкавым пакетам. Зноў буду чалавекам з плястыкавым пакетам. На мяне будуць паказваць пальцам усе менскія сонцапаклоньнікі.

Якая гэта ўсё-ткі ганьба. Здавалася б, ну, пакет, ну і што. А хочацца проста ўзяць яго і выкінуць. Забыць дзесьці тут, на лётнішчы. Уяўляю, які будзе пярэпалах, калі яны яго знойдуць. Самотны нічыйны пакет пад лаўкай. Обнаружение бесхозных подозрительных предметов. Сапёраў выклічуць, пасажыраў эвакуіруюць.

Я зьехаў па эскалятары ўніз. Трымаючы ў руцэ пакет так, каб усім было ясна, што ён ня мой, я прайшоў міма міліцыянта, які яшчэ доўга глядзеў мне ўсьлед. У мэтро мяне абавязкова правераць. Чорт, а я нават ня ведаю, што ў ім, у гэтым дзяўбаным пакеце. Я выйшаў з мармурова-мармэляднай прахалоды Нацыянальнага аэрапорту і пашкадаваў, што мне трэба ў горад. Цяпер бы ў лес ці на возера. На рэчку... А я тут з пакетам — з рэччу, зь якой ні пагаварыць, ні выкінуць, ні забыць яе, ні забіць...

Маршрутка была пустая, толькі лета сядзела там, на мокрым ад поту сядзеньні, у лета было мок­ра паміж ног, і яно сьмяялася з нас, і сьвяціла нам, і круціла ручку свайго вар’яцкага радыё. Задуха гэтага мікрааўтобуса аглушала, быццам бесьперапынны шум. Гарачыя хвалі набягалі на твар — і калі б ня Мама...

“О господи, да тут просто газенваген”, — прамовіла жанчына за мной і штурхнула мяне ў сьпіну. Пакет увайшоў і сеў каля акна. Пакеты не пацеюць.

“Да Ўручча, — сказаў я, сунуўшы грошы. — Не, давайце да вакзалу”.

Мікрааўтобус пастаяў крыху — і вось яны, бягуць, балакаючы на хаду, людзі зь іншага лета. З Алматы, Алібабаеўску, Ашгабату, Апшэрону, Анапы, Альфа-Бэта-Цэнтаўра. Маё менскае лета і іхныя, забраныя са стужкі з багажом, заціснутыя ў адну маршрутку. І разам мы — атамны рэактар лета. Выбухнем? Ці ў нас тут

“Занято”?

Я прыбраў пакет, прыціснуў да сябе, адчуваючы, як б’ецца ягонае сэрца.

“Да метро, да метро, да метро”, — загаварылі ўсе адначасова і я заплюшчыў вочы.

Чалавек з пакетам.

Загрузка...