Маці крыжыкам вышывае,
не адвесьці ад рук вачэй,
нітка — кроў на радно жывая
з пальца ўколатага цячэ.
У зашыйку заціхлі мышы,
а на сьпіцах стары павук
павуцінкаю ружу вышыў,
падсачыўшы узор у рук.
На каленях ручнік чырвоны,
быццам самы каханы сын,
пахнуць жаўранкамі і лёнам
яго белыя валасы.
Маці крыжыкам вышывае,
павуцінку павук пляце,
маці песьню мышам сьпявае
пра дарослых сваіх людзей.
Вышый мяне на падушцы сваёй,
памякчэюць грачыныя пер’і,
я прыснюся табе — еду зноўку дамоў,
да зямлі адтуліўшы бязьвер’е.
Блудны сын, блудны сын —
разам з сэрцам маім
лямантуюць на рэйках колы.
Блудны сын, блудны сын, блудны сын —
словы, быццам кусьлівыя пчолы.
Мама, мама, што мне парабіці з сабой,
калі позна дадому прыеду,
калі ў хату зайду — анямелы сабор —
безь вясьнянак, бязь лясканьня бёрдаў?
Ты сьпявай, ты сьпявай,
ты сьвяці, ты сьвяці,
расьсьцялі ручнікі, як сьцяжыны,
можа, здарыцца так, я заблудну ў жыцьці,
тагды выйду па іх да Айчыны.