Маналёг Рамуальда Жакоўскага


Рамуальд Жакоўскі — малады беларускі артыст. Пачаў працаваць у трупе Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, якое было створана Ф.Ждановічам пры ўдзеле І.Буйніцкага і У.Фальскага ў 1917 годзе. Выконваў ролю старца ў «Раскіданым гняздзе», стварыў глыбока псіхалагічны вобраз. Пекна дэкламаваў. Пісаў зграбныя, настраёвыя вершы. Дваццацідвухгадовым юнаком 1 студзеня 1919 года скончыў жыццё самагубствам, паўтарыўшы лёс Сяргея Палуяна.


Беспрытульная птушка прыстанку ў аблоках шукае,

на убогай зямлі ёй нябесных вятроў не стае,

сьпее ў небе маланка, і скроні мае адчуваюць,

як сьмяротным агнём наліваюцца вены яе.

I аднойчы сябрам я скажу, што ідзе навальніца,

абдыму іх, адзіных, і скронь прытулю да грудзей,

і так блізка ля скроні іх сэрца жыцьцём будуць біцца…

Толькі я з навальніцай пайду ў іншы сьвет ад людзей.

Гэта лёс. Вы ня верце, што гэта стыхія,

пэўна ж, трэба камусьці вось так расказаць пра жывых,

каб пачулі глухія, відушчымі сталі сьляпыя

дый убачылі — зоркі ўзыходзяць таксама й для іх.

Вось і ўсё — маланка ля скроні шугае.

Перадайце наступніку: хай у народзе сваім

праз стагодзьдзе зімы, на Сьвята, мой твар адшукае,

і мы — вочы у вочы, шчасьлівыя — стрэнемся зь ім!


Загрузка...