*** Ляцелі ў вырай ветракі…

Ахвярую Анатолю Клешчуку


Ляцелі ў вырай ветракі,

гублялі клёпку, быццам пёры,

я чуў, як тыя ветракі

ляцелі, думалі пра мора.

Я чуў, бо ўгледзець іх ня змог —

гняло мяне цямрэчай неба,

я чуў, а сам, як той мурог,

туліўся думамі да глебы:

куды мне ў вырай, мурашу,

мой дом урос па пахі ў поле,

я неба ў Бога не прашу,

я не прашу птушынай долі,

цяпер мне сумна паглядаць

на ветракі паміж аблокаў

і чуць, як крылы іх рыпяць

і дахі слуцкага барока.

Калі ж такі надыдзе дзень —

па небе сум

адросьціць крылы,

і палячу я да людзей

за моры, горы, небасхілы,

няхай сустрэнуцца тагды

мне ветракі сярод пуціны

і скажуць: «Хлопча, нікуды

вядзе дарога ад Айчыны».


Загрузка...