*** На скрыжаваньні сьцяжын…


На скрыжаваньні сьцяжын

воўчых і чалавечых

крывёй набрыняў бурштын

і лютасьцю сярэднявечча,

і смокчуць бурштын смаўжы,

каўтаюць смаўжоў гадзюкі,

аб косткі каля сьцяжын

гайвораны гойстраць дзюбкі.

Адсечаная галава —

пакоціцца долу поўня,

ваўкоў прывядзе сава,

ахрышчаная Ваўкоўняй.

Насустрач з глухіх сьцяжын

людзей прывядзе паходня:

драпежных на кроў жанчын,

на славу мужчын галодных.

Патушыць паходню жах,

завыюць ваўкі і людзі,

і ў іхніх шкляных вачах

людскога цяпла ня будзе —

На скрыжаваньні сьцяжын

воўчых і чалавечых

крывёй набрыняў бурштын

і лютасьцю сярэднявечча,

і смокчуць бурштын смаўжы,

каб выжыць — гадуюць рогі,

і косткі, нібы нажы,

вандроўнікам раняць ногі.


Загрузка...