Ён свае ногі дажыў…
Ён свае ногі дажыў,
сьляды, як сьліну ваўчыцы,
скаўталі сьнягі, лаўжы —
маўчыце пра гэта, ваўчыцы.
Маўчыце, як пахне ён,
ня рушце зубамі полы —
матуля трапала лён,
каб справіць чугай да Міколы.
Забудзьце, як пахне ён,
карстагі — яшчэ карыты,
прысьніце, ваўчыцы, сон,
што вы на зіму ўсю сыты.
Ня слухайце поўсьцю лес,
ён вам цераз поле ня чутны,
ён толькі што з крушвіцы зьлез,
такі барадаты і цудны.
Масьніцы на сто сукоў
скрыпяць пад яго нагамі,
кашара на трох быкоў —
бярыце, ваўкі, быкамі,
пакіньце яго сьляды —
чаўны пагудастых кроснаў.
Кажух, як алень руды,
маячыць у шчыльных соснах.
За лесам па пояс сьнег,
за лесам поле памерла.
Ваўчыцы галоднай сьмех
у гурбах захрас па горла.
А ён, як у сенакос
свой клін адбрыдаў калісьці,
над сьнегам нагу занёс,
над полем насьпех памаліўся.
Дарога у белы сьвет —
уцёкі ад шэрай ваўчыцы,
што носам у цёплы сьлед,
бы лапамі ў куст чарніцы.
Вось поле б змагці наўпрост
да пчол у глухіх калодах.
Там пахне ня кнотам воск,
а мёдам.