У нябёсах маіх дагараюць вагні,
Непрытомныя гаснуць ад холада.
Што сабраў я сабе на апошнія дні…
Срэбра веры ці мудрасьці золата?
Ці любіў я? Любіў!
Сяброў, маці, віно…
Кляўся Бацькаўшчыне да магілы,
Ды ў сузор’я майго,
Бы ў калосься ў жніво,
Ад пакуты надтрэснулі жылы.
I куды б я ні йшоў —
Яно ходзіць за мной?
Можа, хмару наклікаць якую?
Каб ня бачыць яго над сваёй галавой
Хоць тагды, калі зь любай балюю.
I таму не пытай, чаму сумны такі,
I любі мяне толькі шчасьлівым,
За віном, за сяброўскім сталом гаваркім,
За лістом да матулі — маўклівым,
Бо ў нябёсах маіх дагараюць вагні,
Непрытомныя гаснуць ад холада,
Бо сабраў я сабе на астатнія дні
Прагу жыць, а ня срэбра й ня золата.