У шкляным саркафагу


У шкляным саркафагу паміж падвойнымі вокнамі да апошняй пылінкі свайго праху заснуў матылёк. Шыбы, што стаяць знадворку, адлюстроўваюць ягоны сон. Я гляджуся ў іх, як у чароўнае люстэрка. Яны ртутнымі шляхамі дажджынак прадказваюць маё жыцьцё. I маёй цікаўнасьці няма мяжы: ані моцы, ані нават жаданьня — узяць на далонь, як вугалёк, матылька і адхукаць ад сну. Чыя нада мной воля? — гэта іншае пытаньне. I ўсё ж мне падабаецца жыць у шкляным саркафагу.


Загрузка...