*** Злачынцы брыдуць на споведзь…


Злачынцы брыдуць на споведзь,

як коней, вядуць грахі,

між імі нямая повязь —

ня вырваць аброць з рукі…

А з вуснаў ня вырваць слова. —

Ну што ж вы, прыйшлі маўчаць?

Здыміце хоць шапкі з галоваў,

Ня бачыце — сьвечкі гараць!

То вашых ахвяраў душы…

Замрыце! Бо нават рух

сьвятло іх навек патушыць,

і ў цемрыве зьнікне дух.

Маўчыце! Запозна кленчыць.

…Сьвяты — для сьвятых абраз…

Ідзіце! Ахвяры енчаць —

балюча ім бачыць вас.


Загрузка...