Няма вады. Сыду са смагай.
Прымі мяне, вільготны жвір.
Прысьню: са мною кастарагу
варушаць цёмныя глыжы.
Ні ашчаперыцца, ні ўстаць мне,
ні клікнуць сонечны прамень,
я — белы ў чорным немы Страцім,
цяжкі, як яравы камень.
А нада мной сыпун шапоча:
ты ж піць хацеў, дык пі мяне…
I мурашамі лезе ў вочы,
шыпіць, як гадзіна ў гайне.
Даволі, злодзей, я ўжо сыты,
ну як паклікаць мне сьвятло,
ты ж голас, як агонь, засыпаў,
ты ж позірк мой зачмурыў тхлом.
А там, за сьненьнем, вырай сонцаў
губляе пёрачкі ў Дняпро,
і вочы маміны бясконца
выглядваюць мяне ў вакно.
Я наталюся, акрыяю,
адрыну чорныя глыжы
і сам расою запалаю
на руні роднае мяжы.