*** Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць…


Берасьцянымі трубамі ў небе гудуць журавы,

берасьцянымі крыламі атуляюць дзьве зорачкі дзённыя,

мая любая, гэна ж мы, паглядзі, гэна ж мы,

а нябёсы блакітныя, быццам азёры прадонныя!

О, як гожа і вечна вядуць карагод журавы,

і паганскія гукі складаюцца ў песьні астральныя.

На тым беразе неба прачнуліся зорныя львы —

гэна ж ты, мая любая, песьні запела купальныя.


Загрузка...