…ані табе мовы,
ані табе сьцяга…
памяць пра яцьвягаў —
помста за яцьвягаў…
Выстудзілі хату…
Памяць адубела…
бы яцьвяг кудлаты —
шэрая кудзеля.
Кашляе крывёю
выстылая хата…
страшна… за сьпіною
здань — яцьвяг кудлаты.
Азірнуся тройчы: вочы…
літасьць просяць.
Белы ветах ноччу
зоркі ў небе косіць.
I галосяць зьнічкі
над пустою хатай…
Ветах — сэрп крывіцкі…
…кроў… яцьвяг кудлаты.
Азірнуся: вочы!
Гэта ж вочы брата!
…Мала зорак ноччу
над маёю хатай.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
I галосяць зьнічкі,
па жывых галосяць,
гэта люд крывіцкі
чорны ветах косіць.