Кожны дзень мяне пераязджае кола.
Прадбачу, але не прыкмячаю
аніколі
ягонага набліжэньня.
I толькі потым чую, як аддаляецца грукат
у той бок, куды я сьпяшаю.
Ані здагнаць яго, ані ўбачыць.
Ну і д’ябал з табою, кола!
А яно заходзіць па новаму кругу,
і зноў зьнянацку,
яшчэ глыбей уганяе мяне ў глебу дый кажа:
і д’ябал са мною, і Бог са мною…
Ух, як мне становіцца вусьцішна —
гэта ж і я іду па кругу і калісьці ж
яго замкну. I няма моцы збочыць,
і няма мужнасьці супыніцца,
ад гэтага такая злосьць на сябе разьбірае…
Не-е! На гэты раз я ўхаплю цябе за абады!
Адважна падымаю галаву, але…
Скрозь паўз дарогу папераджальныя знакі:
НЯ СУНЬ РУКІ Ў СЬПІЦЫ!
Ну, д’яблава кола!
А яно пасьпела зайсьці па новаму кругу
і яшчэ глыбей увагнала мяне ў глебу:
я і д’яблава, я і Богава…