Я трапіў у сіло журбы,
я сам у гэтым вінаваты,
я быў — здаецца, ўчора — быў
на радасьць і сяброў багаты.
Заўчасна разарваць сіло
я мог бы, ды баюся болю —
яно да жылаў прырасло,
як роздум мой прырос да столі,
пусты і быццам бы ня мой,
як знак сьціхотнага вар’яцтва,
і брыдкі па начох, як лой
ці кроў на езуіцкіх пальцах.
Адкуль, адкуль прыйшло яно?
Калі з граху, дык грэх мой — шчасьце.
Я сам, я сам прыдбаў яго —
гайворана віновай масьці.