Ахвярую Алегу Мінкіну
Жыў калісьці на Палесьсі
майстра адмысловы,
ён ствараў званы, як песьні,
ён вучыў іх словам.
I яго званы, бы людзі
крывіцкага роду,
не хавалі медны грудзі
за сваім народам.
Біў пярун па тых званіцах,
што натоўп склікалі,
ды ад лёсу адхрысьціцца
людзі не жадалі.
А званы нясьлі па вёсках
ад Дняпра да Буга
словы волі, голас боскі:
Дзіда! Меч! Кальчуга!
Куды вядзе мяне дарога?
Каго спытаць пра гэты шлях?
Хіба што званара старога,
ён будзіць нашых продкаў прах,
ён атрасае гучным звонам
расу ў краіне верасоў,
і перад гэтым цуда-громам
капелюхі ляцяць з галоў,
капелюхі ляцяць далоў,
калі званар, як птах магутны,
нібыта крыльлем, да званоў
рукамі і душой прыкуты.
Куды вядзе мяне дарога,
я ведаю, каго спытаць,
ісьці нямала і нямнога,
ісьці — пакуль званы зьвіняць.
Так, будзе цяжка, пеклам здасца
бальшак да ісьцінаў зямных,
здалець яго — такая ж праца,
як з чорнай медзі ліць званы.