Знайшлі пацір, сьлязамі поўны,
ніхто ня ведае — чыймі.
Сярэбранае ў срэбным —
поўню
пакутнік нейкі расчыніў.
Ад зла, спакус, грахоў замову
гугнявіў голас за сьцяной…
Знайшлі на дне паціра слова,
з малітвы выпала яно.
КАХАЮ —
вочы прачыталі,
КАХАЮ —
вусны прашапталі,
КАХАЮ —
душы прастагналі,
КАХАЮ —
людзі закрычалі.
Каго?
Паэт сказаў: Айчыну!
Жаўнер: дзяўчыну!
Хтось: сябе!
I сталі дружна,
шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе.
А ён канчаўся у зьнямозе —
ніхто яго не пакахаў,
з паціра выплюхнулі сьлёзы,
і налілі праз край віна,
і сталі дружна, шчыра, шчыльна,
як на касьбе ці на сяўбе,
паэт сказаў: п’ем за Айчыну!
I кожны выпіў — за сябе…