Маналёг «Тутэйшага»

Ахвярую Максіму Танку


Люцыян, уяві, ты адзін,

ты застаўся адзін на славяншчыне,

і нікога няма, паглядзі,

і нікога з Купалавай спадчыны,

і забралі жанчыну тваю,

віна налілі ёй атрутнага,

загадалі: адпі за сям’ю,

а да дна — за радзіму акрутную,

і сканала жанчына твая,

і памерла радзіна апошняя,

і паглохлі зязюлі ў гаях,

а ў нябёсы ўсмакталіся коршакі,

захлынуўся крывёю Пярун,

зразумеўшы ў запозьненым плачы,

як сваёю крывёю Гарун

і ягоную кроў прадбачыў,

і зьліліся ў адну раку

і атрута, і кроў, і сьлёзы,

і на выспу, як на руку,

селі коршакі, як залозы.

А ў тваім, Люцыян, Дняпры,

што жывіў спакон веку гоні,

тры русалкі, славянкі тры

янычаравых мыюць коней,

а ў тваім, Люцыян, Сажы

на грудзёх з камянём пудовым

твой паэт апошні ляжыць,

бы ў труне — у Сажы лядовым.

Ты адзін, ты адзін, ты адзін,

ты застаўся адзін на славяншчыне,

і Радзіма твая, паглядзі, —

русакосая янычаршчына,

а калісьці ты гаварыў,

а калісьці ты нават кляўся:

не патухне Зьніч на Гары!

Ён патух. Ты яму пакайся

за ягоны пакутны прах,

за Радзіму сваю нявінную,

янычары яе ў палях

крумкачам ды ваўкам пакінулі,

ты пакайся за свой спакой,

што зубамі ня грыз вяроўку,

бо здушыўся і ты на ёй,

ад жывёльнага поту мокры,

Кайся, кайся за свой жывот,

не забудзься і пра Купалаў,

бо цяпер ты адзін — народ,

быццам храм на шляху вандалаў.

ДЫ ПАКУЛЬ ТЫ ЯШЧЭ ЖЫВЕШ,

ЗАПАЛІ ПРАД КУПАЛАМ СЬВЕЧКУ,

ПРАЧЫТАЙ I СПАЛІ МОЙ ВЕРШ,

А ВАНДАЛАМ СКАЖЫ:

Я ВЕЧНЫ


Загрузка...