Гэтыя драўляныя пацеркі з шыі маёй бабулі
насампраўдзе бурштынавыя. Штоночы яны
падкочваюцца да маёй галавы
і самотным голасам
пытаюцца пра сваю гаспадыню.
Адчуваю, як мяне пранізваюць бурштынавыя
промні, і я, зачараваны, узіраюся ў іх мэту,
а там немаўлячы беларусік у прыполе
сівой бабулі гуляе бурштынавымі маністкамі.
— А ў перапёлкі галоўка баліць… —
замест калыханкі сьпявае яму бабуля.
— А ў перапёлкі ручкі баляць…
Хлапчанё засынае і ўсё жыцьцё
задумваецца пра гаротніцу-перапёлку.
…Гэныя драўляныя пацеркі насампраўдзе
бурштынавыя. Іх згубіла перапёлка,
калі нагнулася расы папіць…