Бераг


Мяне выкінуў акіян

на чырвоны, гарачы бераг

і сказаў: гэты бераг ты

да апошняй тваёй пясчынкі.

I адчуў я: па мне паўзуць

супраць сонца штодня вужакі

і брыдуць ім наўсьлед зьвяры,

пыл чырвоны нясуць на поўсьці.

Нават птушкі, што ў вышыні

пралятаюць да акіяна,

афарбоўваюцца ў колер мой

да апошняй сваёй пушынкі.

Да апошняй сваёй пылінкі

я належу зьвярам, вужакам

і далёкім самотным птушкам

на тым беразе акіяна.

Я заўсёды камусь належу —

хоць каханы, хоць ненавідны,

я — за сонцам і супраць сонца,

я — прычына бяды і шчасьця.


Загрузка...