*** Хто натхніць мяне на сьмерць?


Хто натхніць мяне на сьмерць?

Я такой ня маю волі.

Маю толькі болі.

Болі — каб пасьціцца і гавець.

З гор сыдзі, як з купалоў,

Дух у вобразе старога,

праз пакуты дай мне Бога,

дай мне Богавую кроў.

Не жыву — хаджу, што сьцень,

брыдкі і чужы паветру,

хаця выйшаў колісь зь ветру,

выйшаў і азмрочыў дзень.

Ты

натхніш мяне на сьмерць,

чалавек, цяжарны Богам,

празь цябе мая дарога,

моцы дай яе здалець.


Загрузка...