Песьня пра жану

Ахвярую Юрыю Кузьняцову


У расейцаў шаблі касыя,

у расейцаў вочы Батыя,

конскія хвасты за плячыма,

потная кабыла — Айчына.

Не патрап пад шаблі касыя,

не павер у вочы Батыя,

не сядлай жарэбай кабылы —

прывядзе да цёмнай магілы.

А ў мяне ж свая ёсьць магіла,

а мяне ж яна палюбіла,

палюбіла сынам і мужам,

як жану, я біў яе гужам,

а я біў-пытаўся: ці мала

да мяне з чужынцамі спала?

«Спала з маскалём, спала зь ляхам,

ды была пасьцельлю мне плаха,

спала з тваім бацькам — ліцьвінам,

а цяпер з табой — маім сынам,

паглядзіся ў рэчкі лясныя,

хіба ж маеш вочы Батыя,

хіба ж конскі хвост за плячыма,

паглядзі — з кім спала Айчына,

а ў расейцаў шаблі касыя,

а ў расейцаў вочы Батыя,

конскія хвасты за плячыма,

потная кабыла — Айчына.

Не патрап пад шаблі касыя,

не павер у вочы Батыя,

не сядлай жарэбай кабылы —

прывязе да цёмнай магілы,

а ў цябе ж свая ёсьць магіла,

а цябе ж яна палюбіла,

палюбіла сынам і мужам,

як жану, ты біў яе гужам,

а ты біў-пытаўся: ці мала

да цябе з чужынцамі спала.

Спала з маскалём, спала зь ляхам,

ды была пасьцельлю мне плаха,

спала з тваім бацькам — ліцьвінам,

а цяпер з табой — з маім сынам,

паглядзі у рэчкі лясныя, —

хіба ж маеш вочы Батыя,

хіба ж конскі хвост за плячыма,

паглядзі — з кім спала Айчына».


Загрузка...