*** Бацька так і не сьсівеў…


Бацька так і не сьсівеў,

хоць гадоў было парадкам,

у смузе, як у сяйве,

на клады пралегла кладка.

Кладка, хісткая яна,

толькі целу ўжо ня мулка,

калдыбалася труна

на плячох сыноў і ўнукаў.

Быццам пчолаў яго мёд,

быццам жвір яго магілы —

рушыў русы радавод —

за труной ішоў пахіла.

Бацька так і не сьсівеў,

бацька так і не нажыўся,

у смузе, як у сяйве,

сын яму ўлюбёны сьніўся.


Загрузка...