Ахвярую Алегу Бембелю
На памежжы чужыны з Айчынай
па начох ходзіць сумны паэт,
ён запаленымі вачыма,
як агнём, апякае сьвет.
А камусьці са спрат здаецца:
блудзіць зорка па-над мяжой,
быццам ёй не хапае мейсца
і нябёс на зямлі сваёй.
Хто пакрыўдзіў цябе, паэце?
Хто прымусіў цябе блудзіць —
Бог ці дэман у гэтым сьвеце?
Што ты хочаш душы здабыць?
I за што ты марнуеш цела?
Можа, досыць зь цябе ахвяр?
Сядзь, даверся паперы белай,
і надзея асьветліць твар.
Сядзь, пакайся за раны целу,
яно ж братам тваёй душы.
Ці жадала яно, ці ж хацела,
каб ты з гэтай пакутай жыў? —
на памежжы чужыны з Айчынай.
…крок яшчэ — і няма мяжы…