Куды ні пайду, і ў полі, і ў лесе, і ў лаўжох за вёскаю цікуе за мной воўк. Мы звыкліся і палюбілі адзін аднаго нянавісьцю. А мая стрэльба ахоўвала нас.
Аднойчы ў лесе заблукала маё дзяцінства, і толькі апоўначы я адшукаў яго і прывёў да бацькавай хаты. I да самай хаты воўк нюхаў нашы сьляды і прыйшоў па іх да стрэльбы, якую я наўмысна пакінуў на двары. Вялікім дурнем трэ было быць, каб не ўбачыць, што яна сапсаваная і прыдатная хіба што ў кавенькі. Яна і была мне кавенькай.
Воўк пайшоў прэч.
Прыйшоў ранак, прайшоў дзень, прайшла ноч…
Ён пайшоў прэч — ні гуку, ні духу.
Прайшоў год.
I здарылася мне гора. I завыў я. I стрэліла сапсаваная стрэльба.