Плывуць
вужы
на санцапёкі,
лятуць буслы на астравы,
жыцьцё — хай зорка то ці вока —
заўсёды з прожылкам крыві
Іюды, птушкі, чалавека
зямной, таму сьвятой крыві,
зласлоўем мёртвых воч крані,
і кроў праступіць праз павекі.
Плывуць вужы да глюг чырвоных,
ляцяць буслы да хітрых ліс,
і нат за мной зь зялёнай кроны
цікуе чалавек ці рысь.
А я? —
напэўна, паляўнічы,
на бельмах — прожылкі крыві,
мае хтось дні сурочыць-зьнічыць,
і я лічу чыесьці дні.
I нават калі я заплачу,
адчай, бы сэрца, загрызу —
ня чыстую сьлязу, —
убачу
з крывавым прожылкам сьлязу.