Гараць камяні ў маім вогнішчы,
расьцьвеленыя агнём,
нібы ваўчаняты ў логвішчы
сонечным прамянём.
У твар мне шугае полымя,
ды я ўсё адно бяру
каменьні рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
Бяруць і да сэрцаў туляць:
няхай нас ратуе боль
і вучыць пра бліжніх думаць,
пра тых, хто гібее ў золь,
пра тых, хто прамёрз да костак,
хто шлях да агню згубіў,
хто д’яблу чырвоным хростам
Айчыну сваю пазбыў.
Дай Бог, каб маё каменьне
аднойчы іх апякло,
прымусіла ўстаць з каленяў,
пайсьці на маё сьвятло.
Я — тут! Я шугаю полымем!
Праз боль я зь сябе бяру
каменьні рукамі голымі
і гэткім, як сам, дару.
Дай Бог, каб маё каменьне
Жар-птахам дайсьці змагло
да тысячных пакаленьняў
і сэрцы іх апякло.