Мне цёмнай ноччу
Дзіўны сон прысніўся:
Над лесам зорка першая ўзышла
І так прыгожа вейкі развяла,
Што я, знямеўшы, перад ёй спыніўся —
Уражлівы да незямных дзівос —
І ўсё глядзеў і не адводзіў воч.
Яна свяцілася нязвыкла блізка —
Над цішынёю восені бязлістай,
Над моракам таемных дум маіх.
І менавіта ў той шчаслівы міг,
Калі я моўчкі на красу маліўся —
Ад зоркі промень адляцеў і ўпіўся
Глыбока ў грудзі мне,
Няйначай дзіда,
І аж да сэрца вастрыём дастаў.
Я закрычаў спярша ад болю дзіка,
А потым, зубы сцяўшы, тузаць стаў,
Цягнуць, ірваць што сілы ў дзве рукі,
Але было яго нялёгка вырваць,
І я варочаў промень у бакі,
Каб расхістаць яго ў грудзях, як кол,
Забіты моцна абухом у дол.
Калі ж усё-такі рыўком імклівым
Нарэшце выцягнуў — шпурнуў наўзбоч
І... прабудзіўся.
За акном маўклівым
Яшчэ цямнейшай мне здалася ноч.
1969