Памяці Андрэя Германава


1

На старажытных могілках у Софіі,

Дзе спачываюць годы і вякі,

Убачыў я вянкі яшчэ не ўсохлыя —

Павітыя жалобаю вянкі.

І зразумеў — раней, чым згледзеў літары

На чорным крэпе: гэта ты, мой брат!

І ўраз адчуў, нібы прысуд бязлітасны,

Як не гатовы я да гэткіх страт!..

Стаяў, паніклы, над грудком уквечаным,

Што атуліў твой вечны супакой,

А ўсё ў душы крычала i пярэчыла,

Не мірачыся з крыўдаю такой.

Маўчала воддаль цэркаўка, не звонячы,

Акацый водар ліўся ў тленны дух...

А майскі дзень такі быў зырка-сонечны,

Што на імгненне для мяне патух.

А ў разналістай зеляніне могілак

Такі грымеў магутным гімн жыццю, —

Як быццам, спахапіўшыся, адмовіла

На гэты раз прырода небыццю.


2

Азлоблены век забівае

Найлепшых сяброў без пары.

Замены ж сябрам не бывае —

Навек нам даюцца сябры.

Аднойчы, няўзнак, на знаёмства

Абменімся поціскам рук,

Спаткаўшыся зноў — расстаёмся

Без смутку, там болей — без мук.

Бо ў новыя верым сустрэчы

І знаем: іх безліч яшчэ,

Баяцца за іх — недарэчы,

І наша ад нас не ўцячэ!

Якая наіўнасць! Якая

Бяспечная стаўка на час!..

А наша так хутка ўцякае

Праз тлум-мітуслівасць ад нас!

І вось ужо ўсё: ні спаткацца,

Ні ўбачыць, ні голас пачуць, —

Стаяць і глядзець, як з акацый

Слязіны-пялёсткі цякуць...


3

Любы брат мой балгарскі Андрэй!

Віцязь-рыцар славянскага брацтва!

Знаю: будзе бясконца цяжэй

Мне цяпер за Дунай выбірацца.

Вось прыеду, вось гляну-зірну

У зялёныя Віташы вочы —

І згадаю, як разам вясну

Мы з табой тут «гукалі» аднойчы...

Грэла сонца — i таяў-блішчэў

На сцяжынцы лядок наздраваты.

Слухаць госця яшчэ i яшчэ

У той ранак хацеў нездарма ты:

І да песень матулі маёй,

І да нашай зямлі партызанскай

Неспадманна прырос ты душой,

Каб дзяліцца натхненнем і ласкай...

Дзякуй, брат мой балгарскі Андрэй,

Быў ты ўвесь з дабрыні і любові,

А любоў на зямлі не памрэ —

На зямлі і ў паэтавым слове.

1983

Загрузка...