Зона купання


За ўзмахам узмах — толькі пырскі ўбакі,

Як сонца жывыя асколкі.

Наперад, васпане! Смялей за буйкі!

Ні страху, ні стомы — ніколькі.

Якісь незнаёмы вар'яцкі азарт,

Якаясь нязнаная радасць.

І думкі няма азірнуцца назад —

На тлумнага пляжа стракатасць.

Як хораша хвалі сячы-разграбаць,

Што весела мкнуць без атхлання!

І раптам — сярдзіты агучаны бас:

— Вярніцеся ў зону купання!

Адразу не цямлю: няўжо гэта мне?

Плыўцом жа быў добрым калісь я!

— Гэй, там, за буйкамі! Ты чуеш ці не?

У зону купання вярніся!..

«Чаго ён дзярэцца? Малы я, ці што?

А йдзі ты, таварыш, да д'ябла!

Не шныраць акулы. Не блізіцца шторм...»

І зноў я махаю заядла.

Тады загрымела маторка, як гром,

І побач крутнулася гнеўна.

— Ну, што ты — аглух тут?

Вось з'еджу вяслом —

Дык зробішся чуйным, напэўна!..

Дзяцюк на дзяжурстве: парадак яму

Дарожай майго парывання.

Я ўсё разумею i моўчкі таму

Вяртаюся ў зону купання.

Там дзеці з кругамі таўкуцца гурмой,

Бабулі пыхцяць на матрасах...

Хоць мелка, хоць брудна — затое спакой:

Не страшна ніякая трасца!

1970

Загрузка...