Ізноў, як калісьці,
Мне каркае чорны крумкач:
Давеку не выйсці
Табе з гістарычных няўдач!
Куды не паткнуся —
Усюды наб'ю сабе гуз!
Няма Беларусі!
Няма і цябе, беларус!
Куды ты ўсё прэшся?
Свой лёс ты між двух выбірай:
Ці «ўсходнія крэсы» —
Ці «северо-западный край».
Дай дзякуй, сярмяжка,
Што знаеш сяўбу ды жніво.
Калі ж табе цяжка —
Пахліпай сабе ў рукаво!
На гэта ты здатны —
На вечную скаргу i плач...
Замоўкні, бяздарны!
Не будзе па-твойму, крумкач!
Я хліпаць не стану!
Я прагай здзяйснення жыву.
Найперш — у пашану —
Табе я скручу галаву.
Каб гнюсна не каркаў,
Каб тут, дзе Купала хадзіў,
Рабоў-недавяркаў
Агіднай хлуснёй не пладзіў.
Тут праўда i вера
З нябыту ўваскрэснуць навек.
І мэтай і мерай
Тут будзе ва ўсім — Чалавек.
1991, красавік