Не бядуйце!..


Не бядуйце, настаўнікі мілыя,

Што з праграм і падручнікаў школьных

Песні-думы паэта праўдзівыя

Выдзяўбаюць, як шкоднікаў шкодных.

Выдзяўбаюць з той самай нянавісцю,

Як калісь, на крывавым прадвесні,

Каршуны, што віселі тут навіссю,

Выдзяўбалі Купалавы песні.

Выдзяўбаюць!.. А хто ж бо заступіцца?

Хто падымецца? Хто абароніць?

Белы зайчык пад кусцікам туліцца.

Звон на вежы знямелай не звоніць.

Звон не звоніць... Ды хоць і панылыя

Па калдобінах цягнуцца будні,

Не бядуйце, настаўнікі мілыя:

Шчырым песням не згінуць ад блудні.

З тых праграм, што ваююць, як ратнікі,

За свабоду, — ніякім дэкрэтам

Іх не зняць! Калі нават сцярвятнікі

Заўтра выдзеўбуць сэрца паэта.

1997, кастрычнік

Загрузка...