Сон у бяссонніцу


Ну й сон мне прысніўся ў бяссонную ноч!

Стаю на пагосце нібыта,

Бярозы і сосны, капліца наўзбоч,

Крыжы i каменныя пліты.

Нікога не бачу, ды чую кагось —

Хтось кліча-гукае штосілы:

«Гэй, дзе вы там? Свінні прыйшлі на пагост

І рыюць святыя магілы!..»

Гляджу, сапраўды: між сасон і бяроз —

Арудуюць морды свіныя!

Дратуюць, драпежаць, паскудзяць пагост

І рыюць магілы святыя!

Абураны я, ды няма чым прагнаць —

Ні пугі ніякай, ні кія.

А свінні свінячаць, сапуць i вішчаць —

І рыюць магілы святыя!..

Услед за няведама кім я тады

Гукаю таксама штосілы:

«Гэй, дзе вы там? Свінні прыйшлі на клады

І рыюць святыя магілы!..»

Але старажы на мой крык не бягуць —

Напэўна, не чуюць, глухія...

І рохкаюць свінні, і гнюсна сапуць,

І рыюць магілы святыя...

Я ў прыступе крыўды апёрся на крыж,

А прыступ — няйначай смяротны...

«Ну, што з табой робіцца? Зноў ты не спіш!..»

Ды гэта ўжо голас — мне родны...

1.7.1989

Загрузка...