* * *


Як ты грымела, як бабахала,

Мая рабінавая ноч!

Стокрылы вецер дол аблахаваў

І вобзем кідаўся наўзбоч.

Як быццам тоўшч нябёс валілася

Трашчала так над галавой.

I толькі сэрца весялілася,

Здранцвення скінуўшы павой.

Маланкі бліскалі, мігцеліся,

Як стрэлы, жыхалі здалёк.

І не згадаць, куды ён цэліўся,

Сляпы, разгневаны стралок.

То залатымі дратаванкамі

Крамсалі неба ўшыр і ўдоўж,

І, як прышпораны маланкамі,

Ляцеў лавінай гулкай дождж.

Нібы дзяцюк, якога здалечы

Да мілай сцежкі прывялі,

Ён упіваўся, прыпадаючы,

У вусны смяглыя зямлі.

Калі б ты знала, ноч грымотная,

Як дыхаць стала мне вальней,

Якой задухі вяззе моцнае

Пашкуматала ты ўва мне!

Прыйдзі ж расстайнаю гадзінаю,

Як дазіхцяць маланкі воч,

І грымні песняй лебядзінаю,

Мая рабінавая ноч!

1961

Загрузка...