Штрых да біяграфіі
Зноў стужку памяці кручу —
Гляджу сваё маленства.
Як страшна хлеба я хачу!
Калі яго наемся?
Ці на двары стаіць паўдзён,
Ці раніца, ці вечар —
Чаму я так яму жадзён?
Чаму галодны вечна?
Вось адвячоркам на грудку,
Дзе жніўны дух гарачы,
Сястра мне сунула ў руку
Малюсенькі акрайчык.
Хоць пахнуў паранкай праснак
І быў зямліста-шэры —
Я і дагэтуль помню смак
Сіроцкай той вячэры...
Вось у дзічы, пад купай лоз,
Ляжу цішком, як мёртвы.
А цётка — о, шчаслівы лес! —
Дае мне хрушчык з морквы.
І я патрошачку зусім
Адкусваю з-пад пальца —
Каб як мага даўжэй мне з ім,
Даўжэй з ім не расстацца...
Куды ні ткнуся ў памяць тых
Далёкіх дзён мінулых —
Усё адзін і той жа штрых,
Адзін і той малюнак.
З ім да сівых дажыў гадоў.
A ў старасці пачэснай —
Здаецца... скора буду зноў
Жадзён скарынцы чэрствай.
23.XII.1993