Вось і яшчэ на год бліжэй да краю.
І хоць зычліва келіхі звіняць —
Я вам, сябры, зашмат не абяцаю.
Як той казаў: пара і гонар знаць.
Абнедужэла на сяўбе нялёгкай
Не толькі цела, а душа найперш.
Вазьму пяро — а сэрца так i ёкне:
Ці не апошні выплеснецца верш ?
І агартае сум... Як позна-позна!
Тады, калі б у самы раз пачаць!..
А ў чортаў млын і сёння ў нас завозна:
«Дай! Дай!» — таўкуцца, б'юцца і крычаць.
Хоць і мяне нязводныя турботы,
Як сабачня, хапалі за крыссё —
Нутром я прагнуў і шукаў самоты,
І мне яна была мілей за ўсё.
З любога свята, вэрхалу і тлуму
Хутчэй вяртаўся ў дом сваёй душы,
Каб зноў і зноў пакутна думаць думу
У цішыні — як у лясной глушы.
І дзень і ноч, і дзень і ноч — сам-насам.
З адным і тым пытаннем да нябёс:
Дык хто ж мы ёсць? Чаму жыццём уласным
Мы не жывём? І хто зламаў нам лес?
А па-за гэтым роздумам абложным —
Плыла, гула, грымела мітусня.
І я таксама ў гул пустапарожны
Зрываўся, горка плачучы пасля.
Хадзіў на выпіўкі, хоць і не часта.
У трапатні застольнай не маўчаў.
Здаралася, бываў сярод начальства,
Але іх ласкі штось не прыкмячаў.
Ні крымскіх, ні каўказскіх, ні балтыйскіх,
Ні іншых дзесь курортаў для вяльмож —
Не бачыў нават. У даверчых спісках
Не быў. Душу не прадаваў за грош.
Ну, што ж, у век Гіены і Шакала,
Дзе і Радзіму аддаюць за штоф,
Не стацца юдам — гэта ўжо нямала,
І небу дзякаваць мне ёсць за што.
11.1996