Аўтографы сяброў


Аўтографы-надпісы вашы, сябры,

Чытаю на кніжках падораных —

З выказам даверу, павагі, любві,

З зычэннямі самымі добрымі.

Як многа іх, цёплых i ласкавых слоў,

Ад шчырага сэрца напісаных!

І колькі за імі пражытых гадоў

Жывымі ўзыходзяць абрысамі...

Вось гэты згадаў мне аб даўняй вясне

З яе маладымі павевамі.

Дакорам не стаў ён сівой сівізне —

Навек мы, брат брату, паверылі.

Вось гэты... о, як акрыліў ён душу,

Прыйшоўшы ад майстра ад слыннага —

Якраз, калі мне аж калола ўвушшу

Ад крыку дурнога аслінага!..

Вось гэтыя — з братняга краю прывёз

Як словы прызнання ў прыязнасці.

Мне светла ад ix, як ад белых бяроз

На ўзлеску асеннім пры яснасці.

А гэта — апошні... Гляджу на радкі,

Што помню на памяць да каліўца, —

І зноў адчуваю той поціск рукі,

І сэрца ад болю сціскаецца...

Якія магутныя творцы-мужы,

Якія нязломныя волаты

Пайшлі па той бок векавечнай мяжы

Заўчасна, зарана, замолада!..

Жывіце ж да поўнага веку, сябры,

Не трацячы моцы і шчырасці!

І знайце: нішто нам віхуры-вятры,

Пакуль нашы шэрагі ў шчыльнасці!..

Я дзякуй кажу вам ад сэрца ўсяго.

Мне вашы дарункі-аўтографы —

Як вехі жыццёвага шляху майго.

А ён жа не будзе паўтораны...

1983

Загрузка...