Вянок на алтар


*

Што гэта ў цемры

Свеціцца там, дзе клады?

Ледзь здагадаўся:

Фасфарысцыруючы,

Мова выходзіць з магіл.

*

Задыхаюся.

Не хапае паветра —

Бы ў душагубцы.

А стаю на пагорку,

Пад небам, сярод палёў.

*

Злуюцца, крычаць:

«Дакуль ты ix будзеш сніць

Вершы аб волі?»

Злуюцца... A хіба ж я

Снам у сне загадаю?

*

Памяць маленства:

Над чорным полем — імжа.

Сагнуўшыся ў крук,

Грэбае мама раллю

І кідае ў кош бульбу.

*

Сядзіць i плача,

А чаго — не гаворыць.

І страшна спытаць —

Каб не пачуць такое,

Што й сам зальюся слязьмі.

*

Музыка ночы!

Неба з зямлёй злучыла!..

А камертонам

Ёй паслужыў цвыркунок

Першы азваўся ў цішы.

*

Разлёталіся,

Размільгаліся думкі —

Ні сабраць, ні ўняць.

І чаму на Купалле

Такая доўгая ноч?..

*

Вось і ў табе ўжо

Бачу адно дабрыню,

Ціхасць і стому.

Як моцна цяпер ты мне

Напамінаеш маму!

*

Самы высокі

І самы белы касцёл —

Наш быў, у Гайне.

Заглянеце мне ў душу —

Пераканаецеся.

*

Так страшна ўявіць,

Колькі я дам аднойчы

Клопату родным, —

Што хай бы я ўлёгся лепш

Дзесь у брацкай магіле.

*

А быў жа ён — час,

Калі мне здаваліся:

Рачулка — ракой,

Пагорачкі — горамі,

Дзедава слова — Божым.

*

Белая поўня.

Белы сувой дарогі.

Скора i дома!

Камашы ў адной руцэ,

Куфэрак кніг — у другой.

*

«Любіць — не любіць...»

Помню, абшчыпваў i я

Белы рамонак.

Забава, а як хацеў

Скончыць пялёсткам «любіць»

*

Родныя гукі...

З гукаў — родныя словы...

Са словаў — песні,

Казкі, паэмы, драмы,

Жыццё, Радзіма, Народ.

*

І я зразумеў:

Хоць кінься грудзьмі на дот

За волю Тваю —

І з амбразуры зняты

Не пераканаю ix.

*

Часцей і часцей

Апынаюся думкай

На тым пагорку,

Дзе мама, сястра i брат.

I камяні. I сосны.

*

Скора ўжо, скора

Пройдзе, я веру, Гасподзь

Па нашай зямлі.

Толькі патрапіць бы нам

Ступіць у Яго сляды.

*

Ужо холадна,

Ужо хочацца ў хату

Падацца з двара

I з напаленай грубкай

Павітацца далоньмі.

*

Гляджу на пусты,

Голы садок. А ў думках:

З кім я? I што я?..

На бязлістай галінцы

Склее забыты яблык.

*

Музыка лесу

Заўсёды ў душу спакой

Мне навявала.

Што ж гэта сёння так

Хвоі шумяць трывожна?

*

Вы — маеце ўсё,

А я — толькі вяргіняў

Кустоў дзесятак.

Што ж трэба вам ад мяне?

Даць на развод? Вазьміце!..

*

Аж не верыцца,

Гледзячы ў вочы жыццю,

Што колісь i мы

Мелі гонар дзяржаўных,

Свабодных душой, людзей.

*

Пад вечар набіў

I сяннік i падушку

Шэптам мурагу,

Водарам спелых зёлак.

Што сёння прысніцца мне?

*

Мне цяжка вельмі:

Я знаю, што зрабілі

За сотні гадоў

З нашай ліцьвінскай душой

Чужакі-акупанты.

*

Па чым пазнаю,

Што ты — мой брат беларус?

У тваіх вачох —

Наша гісторыя ўся,

Усе дзесяць стагоддзяў.

*

Вы думаеце,

Што ў вас апраўданне ёсць?

Так думаў i я.

I гэта мой страшны грэх

Перад памяццю родных.

2002-2004

Загрузка...