Збітыя рыфмы


Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу!

Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу.

Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» —

Моршчацца крытыкі — людзі сярдзітыя.

Збітыя — нібы набойкі жалезныя

Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны.

Збітыя рыфмы? І хто гэта выдумаў?

Пэўна, хто слову не рад самавітаму.

Рыфмы збываюцца ці не збываюцца,

Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца.

Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная,

Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае:

Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца,

А — ці спыняецца, ці — разрываецца.

1992

Загрузка...