Балада пра горкасць


Пасадзіўшы голенькага ў ночвы,

Мама мые сына. Любата!

Але вось папала мыла ў вочы —

Давяла да плачу гарката.

Мусібыць, зайшло занадта шчодра.

Мама нагінаецца хутчэй

І губамі цёплымі, пяшчотна,

Горкасць выцалоўвае з вачэй.

«Вось i ўсё, не плач, ужо не есца», —

Сплюнуўшы салёны выцмак з губ,

Кажа мама. Памяць малалецтва!

Памяць першых горкіх страт i згуб!

На сцяжынках, роўных і крывенькіх,

На шляхах з імглы і з цемнаты —

Колькі мне заходзіла пад вейкі

Да нясцерпу едкай гаркаты!

Колькі блудных крокаў незваротных

Зроблена ў жыццёвай мішуры!

Колькі любых, дарагіх і родных

Адышло ў магілу без пары!..

Думаў: з часам прыцярпеўся, звыкся.

Не. Пад вейкамі ўсё больш гарчэй.

Неба роднае! Пара! Схіліся

І мне горкасць выцалуй з вачэй!

2002, красавік

Загрузка...