*
Ведаю: гэта —
Толькі маё. Да скону.
Навошта ж пішу?
Ну, можа, знойдзецца хтось,
Хто зразумее нешта.
*
Ціха ляжала.
Думаў, што спіць. I раптам:
«Ты ж трымайся, Ніл!
Ты ж трымайся!..» — сказала.
Не адкрываючы воч.
*
«Падвядзі мяне
Да вакна, — папрасіла. —
Хачу паглядзець...»
Праз паўхвіліны цяжка,
Скрушна сказала: «Усё...»
*
Абарвалася...
Усё абарвалася...
Усё пагасла...
Усё, што свяціла мне
І абяцала свяціць.
*
Помню, сказала:
«Ой, як ты будзеш плакаць,
Калі я памру...»
Не, не ўяўляла яна
Плачу майго землятрус.
*
Як ты прасіла:
«Дамоў! Хоць на дзень дамоў!..»
І вось ты дома.
І толькі на дзень. Заўтра
Пакінеш свой дом навек.
*
Дзе ты, куды ты
Гэтак далёка найшла,
Што не прыходзіш?
Вочы прагледзіў — няма.
Слухаю ціш — не чутно.
*
Плачу і плачу.
Я і не знаў, што ў мяне
Слёзы так блізка.
Як ні згадаю цябе —
Вочы да Бога плывуць.
*
Вось і настала
Страшнай расплаты пара:
Курчуся ў муках
І праклінаю сябе —
І ратунку не бачу.
*
Ты — вечным жыла:
Любоўю і дабрынёй.
І будзеш вечна.
А я — быў рабом часу.
Гэтым і пакараны.
*
Усё бачыла.
Пакутвала. Плакала.
I малілася:
«Божа, падтрымай яго!
Маіх сіл не хапае!..»
*
«Што яны робяць
З Беларуссю! — плачучы,
Крычала яна. —
Я не стрываю й памру!..»
І — памерла. Ад гора.
*
Тымі ключамі,
Што я адмыкаў дзверы
У свет мілаты —
Цяпер адмыкаю ў стынь,
У пустату, у вусціш.
*
Сто дзён я хадзіў
Высакародна хлусіць:
«Ты паправішся...»
I вочы ад воч хаваў,
Каб праўду не ўбачыла.
*
I чуецца мне
Ціхі журботны голас, —
Той, у палаце:
«А ружы ці зацвілі?
Праўда? То гэта добра...»
*
Знаю, якой ты
Ад Бога ка мне прыйшла
Якой святлістай!
Знаю, што ўзяў у цябе.
А ці што даў — не знаю.
*
Якую ўжо ноч —
Толькі пачну засынаць —
Боль працінае:
«Чаму ты крыўдзіў мяне?
Няўжо ты не знаў, хто я ?»
*
Хаджу паплакаць...
Лепш, як побліз магілы
Нікога няма, —
Тады можна і ўголас.
Уголас не так баліць.
*
Божа, якою
Няшчаснай, пакрыўджанай
Ты ўранку была!
Хай бы я лепш не ўбачыў.
Хай бы я ноччу памёр.
*
Як ты трымцела
Над верай сваёй! I як
Змагалася ты —
З сабой i з цэлым светам, —
Каб той веры не страціць!
*
«Паклёп ix i бруд
Ты не прымай да сэрца», —
Гэтак сказала
Мне на сустрэчы яна.
Сёння. У сне. У поўнач.
*
Як кроплю расы
Долу баіцца праліць
Поўненькі венчык —
Гэтак баялася ты
Долю праліць няўмысна.
*
Ноччу пабачыў,
Як ты ламала рукі —
Ад болю, ад мук —
Над цяжка хворым дзіцём...
I я зразумеў усё.
*
Што ты стрывала,
Сцярпела i вынесла —
Знаю адзін я.
Пэвен, што ў нашым краі
Святых жанчын больш, чым дзе.
*
З кім падзяліцца
Мне болем за родны край —
Так, як з табою?
Так — каб сляза у слязу.
Так — каб на клятву клятва.
*
Помню, спытаўся:
«Што ад мяне ім трэба?
Чаму так грызуць?»
І ты адказала мне:
«Душу не прадаў — таму».
*
«Ну й патрыёты! —
Балесна ўздыхнула ты. —
Няўжо ім няўцям,
Што гэтай хлуснёй яны
Б'юць Беларусі ў сэрца?»
*
Мама... I Hiна...
Як паміралі страшна!..
Вось i выходзіць:
Хто ў муках пражыў жыццё
Iм i пакутная смерць.
*
Годнасць і гонар
За свой чалавечы сан —
Годнасць і гонар.
У гэтым ты ўся была.
І на людзях і дома.
*
Ты плакала так
Жаласліва — як дзіця
Знясіленае,
Што ўжо не можа гукаць
Маму, a толькі плача.
*
Найстрашнейшая
Кара з усіх на зямлі —
Кара памяці.
О каб мог я забыцца
На гэты роспачны плач!
*
На што ні зірну —
На хатку, кветнік, садок -
Ва ўсім мне відзён
Запозна ўяснёны мной
Геній тваёй любові.
*
Усё, што магла,
Ты для мяне зрабіла.
Усё, што магла.
I нават намнога больш:
Выгнала д'ябла з душы.
*
Няма таго дня,
Каб не падступіла мне
Памяць да горла —
Жалем, балючым няўсцерп.
Ці не да Бога іду?
*
Пытаецеся,
Чаму не хаджу я ў храм
На пакаянне?
Чаму?.. Не хачу, каб Бог
Зменшыў пакуты мае.
*
Да астатку дзён,
Па самы апошні ўздых,
На гэтай зямлі
Ты — светач душы маёй.
І там будзеш ім, i там...
2003-2004