* * *


Мае равеснікі, з якімі, помніцца,

Прызыўнікамі разам мерзлі-моклі,

Даўно стаяць на капітанскіх мосціках —

У белых кіцелях i пры біноклях.

Абводзяць даль паглядам трыумфатара,

Раз-пораз гладзяць на грудзях калодкі.

І мроіцца за лініяй экватара

Ім адміральскай славы хлеб салодкі.

А мне па сэрцу чын матроса простага

(Хоць пэўна ў мічманы я змог бы выйсці).

Упэўніўся — пасля вясёлых роздумаў:

З такіх, як я, — у труме больш карысці.

Я ля машын хаджу, ля гулкіх дызеляў,

Прапахлы ўвесь мазутам і саляркай,

Бянтэжуся я капітанскіх кіцеляў

І не зайздрошчу белізне іх яркай.

Адно я ў гэтым рэйдзе цвёрда ведаю:

Каб карабель праз штормы-ураганы

Прыбыў шчасліва ў прыстань запаветную

Я мушу службу несці без заганы.

Бывала горка мне. Ды не зняверыўся

Я ў лесе ўласным. І ў сябрах таксама.

Бо сэрцам я заўжды на родным беразе —

З яго лугамі, нівамі, лясамі.

І калі ўрэшце выйду я на палубу,

Як у старой той песні, ледзь прытомны,

І вочы памутнеюцца запалыя,

І ў іх апошні раз успыхнуць промні, —

Падхоплены сяброўскімі, рабочымі

Рукамі моцнымі, я гляну ўперад

І прашапчу: «На родны бераг, хлопчыкі

Хоць жменяй попелу — на родны бераг!

1977-1978

Загрузка...