Кляновы лісток


Вястун неспадзеўны — кляновы лісток

Ляжыць на далоні:

Ці позва на суд ці на шчасце квіток,

Мне Богам дароны?

Пра шчасце, як грэшніку ў пекле пра цуд,

Мне марыць запозна.

Напэўна, на страшны i праведны суд

Ад Бога мне позва.

Чаму ж бо, паведай, лісток-варажбіт,

Мне сэрца так цісне?

Чаму мае думы на ўвесь краявід,

Як хмары, навіслі?

Што тонкія жылкі-пражылкі твае

Вяшчаюць-варожаць ?

Ці ласку, якая душу мне спаўе,

Ці стынь i варожасць?

Скажы ж, не таіся, калі сапраўды

Ты Божы пасланнік.

Чыесьці дарогі... Чыесьці сляды...

Чыесьці расстанні...

Гляджу-углядаюся ў рыскі-штрыхі,

Бы ў лёсу пісьмёны:

Чыесьці надзеі... Чыесьці грахі...

Чыесьці імёны...

Чыесьці тут лёсы, чыесьці... А дзе ж

Майго накановы?

Ці мне, на астатку, не ведаць ix лепш,

Лісточак кляновы?

1992

Загрузка...