Лебедзь


На Нарачы, летам,

Ішлі мы з табою

То хмызам, то лесам

Над самай вадой.

І там, дзе паўкрутам

Трыснёг расступіўся,

Убачылі птаха,

Занятага вельмі сабой.

На камені чорным,

Што выткнуўся ледзьве

Над бела-блакітнай

Раўнечай вады,

Як на пастаменце —

Фігурысты лебедзь:

Прыгожы, паважны

І немалады.

Ён моцную дзюбу

Засоўвае ўпер'е

І шчыпле, і шчыпле

Сябе па пярынцы

Ды так апантана,

Няўцямна-зацята,

Бы ў муках знявер'я,

З адчаю, наважыў

Без пер'я застацца...

І я не заўважыў,

Калі без мяне ты

Пайшла па сцяжынцы

І ў момант у гэты

Застаўся адзін я...

На камені чорным.

Стаю і зацята

Шчыплю па пярынцы —

Над люстрам азёрным.

Ужо і к абеду,

І сонца ў зеніце,

А я ўсё стаю

І скубу-выскубаю

Даўжэзнае пер'е.

Скубу і кідаю,

Шчыплю i кідаю,

Ды так апантана —

Няйначай з адчаю,

У муках знявер'я.

Кідаю астаткі

Крылатай аснасткі,

З падмогі якой

Калісьці ўзляцела

І доўга лятала

Душа над зямлёй.

1994-1995

Загрузка...