Мой час


Мой час прайшоў.

Сышоў ніякавата —

І згас... І вось душу бярэ ўціскі

Эпоха выхапняў і тарбахватаў,

Майстроў у старца адбіраць кускі.

Мой час прайшоў.

Сышоў безвынікова.

Так кожны раз кажу я сам сабе,

Калі гляджу, што робіцца наўкола:

Як звер звяруе, а скубач скубе.

Мой час...

Чаму ж яго я не шкадую?

Таму што знаю: і мінулы, той,

Што абяцаў мне долю маладую,

Таксама быў не мой, зусім не мой.

Не мне па спадчыне ад бацькі-маткі

Дастаўся ён, а прыхадняў гурме,

Што насаджала тут свае парадкі

І сваю волю дыктавала мне.

Час янычарства быў.

Таму і страшны,

Што ў вырадкаў ператвараў сыноў.

І ён не скончыўся, час учарашні.

Хлусня і здрада яго жывяць зноў.

Ну што ж!

Я шляху не згублю і ўпрыцем.

Каб час змяніўся — непатрэбны ўказ.

Мой час наперадзе.

Яшчэ ён прыйдзе —

Мой запаветны беларускі час!

26. Х. 1995

Загрузка...