Калі пералескам, між сосен,
Блукаў на змярканні паэт
І слухаў вясны сугалоссе,
І слухаў бясконцы сусвет, —
Знянацку, гняўліва, сурова,
Наўперак суладдзю ўсяму,
З нябёсаў данеслася слова
І ўдарыла ў сэрца яму.
Кальнула, як вострая стрэмка.
Каб хто тады глянуў у твар —
Напэўна, пазнаў бы на зрэнках,
Балючы які быў удар!..
Дадому ён сунуўся ценем,
А ноччу — не сплюшчыў павек.
Страшное было прасвятленне.
Бязлітасны лесу быў здзек.
З той даты, каб справіцца з болем,
Ён варыць штовечар шалфей.
А горычы — болей і болей.
А стрэмка — глыбей і глыбей.
Час вылечыць быў бы павінен.
А вось жа бяссільны і ён.
Не выме той стрэмкі, не выме.
Не здыме той Божы праклён.
1992