МАЗУРКА


Адкуль тут мазурка Шарэна?

Галіны да шклін падплылі.

Я вам абяцаю напэўна

вярнуцца сюды хоць калі...

У кожным садку Беларусі

сягоння пазёмка ў гасцях,

раскладваць гады не бяруся,

ды ў нейкім — шчаслівы працяг

начы, дзе блукае Спягурка...

Я думала, гукі з-пад ліп,

а гэта дыхнула мазурка,—

то смех,

то шаптанне,

то ўсхліп...

Як дзіўна жадаць летуценна

таго, што яшчэ не прайшло,

я знікну надоўга, а ў сценах

запыніцца сэрца цяпло...

Апрануты ў белыя буркі

ўсе дрэвы, і кружыцца снег,

надхоплены шалам мазуркі,—

то ўсхліп,

то шаптанне,

то смех...

Загрузка...