ГУАНЧЫ

...Калі скласці спіс неразгаданых таямніц свету, дык загадка гуанчы, відадь, акажацца ў ім на першым месцы.

З часопіснага артыкула

У часе загубіліся гуанчы,

ці нешта я паблытала ў часах,—

крылаты брыз галінку пальмы няньчыць,

начуе сонца ў рыжых валасах...

Балюе сінь славянская ў паглядах,

гуанчы —

дзеці волі і ліян,

сям'я адна,— ім невядома здрада,

і хцівасць,

і варожасць,

і падман.

Як і калі прывецілі Канары,

дзе прарадзіма? Хто адкажа мне,

сатканай з жалю, рызыкі і мары,

ідуць гуанчы — ліст не шалахне.

Ідуць гуанчы — вяне пыха франтаў,

а летуценнік вызначыць уміг,—

яны нашчадкі пастухоў атлантаў,

шчаслівы момант выратаваў іх.

Грымучай прорвай дыхаў вал патопу,

ён гарадамі мераў глыбіню...

Час — не тэатр, але чаму Еўропе

прымерваецца мантыя з агню?..

Душа — матыль на веснавой выгодзе,

ёй дораг і палетак і бур'ян...

— Ау-у-у, гуанчы! — пакрычу ў стагоддзі,

ў адказ заплешча хваляй акіян.

Загрузка...