1
У камінку гудзе вятрыска,
i аканіца — стук ды стук...
З падполля шоргатам i піскам
на шэпт адказвае пацук.
Сюды ўцяклі ад снегападаў,
ад маразоў i ад адліг...
Маладзічок, бы цень лампады,
i пыл на стосе тоўстых кніг.
I прыдаецца краем свету
за вокнамі шумлівы бор,
i на сцяне, засохлы з лета,
як памяць аб зямлі,— чабор.
I можа быць, цяпер другая,
на тым, другім, зямным краі,
цябе з тугою прыгадае
i назаве яшчэ сваім...
I можа быць, усяк бывае,
там, дзе цяпер мяне няма,
таксама нехта ўспамінае
маё спякотнае імя...
У камінку гудзе вятрыска,
i бор за вокнамі шуміць...
І шчасце зараз гэтак блізка,
што страшна мне шчаслівай быць.
2
Сюды б яшчэ ды куст маліны.
На плечы — мройны сарафан.
I лёгка бегчы за яліны,
дзе совы сцерагуць туман...
Зрываць i ягады,
i голас
i азірацца ўсе радзей...
I там,
дзе лес глухі наўкола,
сумненні выплакаць з грудзей.
... Табе я ўдзячна за вяртанне,
чаму ж так горка ў цішыні
перацінаецца дыханне,
калі былыя ўспомню дні?
3
Ты паглядзі, якія вуды!
Тут жыў калісьці рыбалоў —
вясблы, бесклапотны, руды,
дзе ён, там i цяпельца слоў...
Ён нам пакінуў свой гармонік
губны, трафейны i стары,
i на стале гумовы слонік
усе танцуе з той пары...
А гаспадар пайшоў ва ўцскі,
i мы з табой — уцекачы...
I недзе бераг наш да лек i,
халодны i пусты ўначы.
I ты гаворыш: час спрацуе,
i я кажу: ах, не пара...
I слонік на стале танцуе,
чакаючы гаспадара.